Па выніках абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «Чытаем па-беларуску з velcom» у Віцебску выбралі пяць лепшых юных чытальнікаў твораў беларускіх аўтараў. У іх ліку вучаніца Акцябрскай сярэдняй школы Анастасія Варанкова. Пераможцам уручаны смартфоны. Зараз яны рыхтуюцца да рэспубліканскага фіналу.
На здымку: Уладзімір Ліпскі і Анастасія Варанкова
Удзельнікамі конкурсу сталі вучні 7-8 класаў школ і гімназій з усёй Беларусі. На працягу двух месяцаў рабяты запісвалі відэа, на якіх чыталі беларускія творы і выкладвалі іх на свае асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках. Усяго было даслана 2048 відэа агульнай працягласцю больш за 45 гадзін, паведаміла каардынатар праекта «Чытаем па-беларуску з velcom» Таісія Пажогіна. Па выніках першага этапа журы вызначыла па 30 лепшых чытальнікаў з кожнай вобласці і горада Мінска, дарэчы, з Віцебскай вобласці на конкурс паступіла 270 відэаработ.
Рэгіянальны этап прайшоў у віцебскай школе № 6. У склад журы ўваходзілі паэты, акцёры і тэлевядучыя, прадстаўнікі інстытута развіцця адукацыі і кампаніі velcom, а ўзначальваў яго пісьменнік Уладзімір Ліпскі. У першую чаргу прафесіяналы звярталі ўвагу на выразнае і чыстае выкананне твора. Дадатковы напал спаборніцтву надаваў ліміт працягласці выступлення — да дзвюх хвілін.
Перамогу Анастасіі Варанковай прынесла байка Кандрата Крапівы «Ганарысты парсюк».
— Дзяўчынка выдатна вучыцца, з задавальненнем чытае творы нацыянальных аўтараў, — характарызуе васьмікласніцу настаўніца беларускай мовы і літаратуры Акцябрскай школы Наталля Рыппо. — На конкурс рэспубліканскага ўзроўню таксама рыхтуем твор нашага знакамітага байкапісца. Спадзяёмся, што пашчасціць.
Ніна Сталярэнка