Адведаць гарохавых камоў, аўсянага кісялю, а таксама адчуць на сабе цудадзейную сілу юр’еўскай расы можна было падчас чарговага этапа раённага конкурсу “Духоўнае адраджэнне культурных традыцый і побыту беларускай даўніны”, які быў прысвечаны святам веснавога цыклу і прайшоў на базе Кіраўскага СДК.

Галоўнай ідэяй народных свят была ідэя адраджэння і аднаўлення прыроды. Вясной пачынаюцца самыя адказныя сялянскія работы: ворыва, сяўба, выган жывёлы ў поле. Каб абудзіць прыроду і прасіць бласлаўлення ў яе на  сялянскія справы, кожны гаспадар імкнуўся задобрыць звышнатуральныя сілы. А як гэта адбывалася, прапанавалі зазірнуць ў скарбонку народных беларускіх свят вучні і педагогі Кіраўскай, Варонаўскай, Лятчанскай і Старасельскай школ.

Праўда, мясцовыя самадзейныя артысты выбралі зусім не веснавое свята. Яны прапанавалі перанесціся ў сялянскую хату ў той час, калі ідзе-гудзе Масленка. І гэта ў іх атрымалася добра, бо ніводны глядач не застаўся абыякавым да таго дзейства, што разгарнулася на сцэне. Прыгожыя руплівыя гаспадыні, статныя гаспадары, вясёлыя госцейкі ды гарэзлівая малеча — менавіта такім гуртам сустракалі шчодрую Масленіцу нашы продкі, так хлебасольна віталі яе іх унукі і праўнукі, якія ўзялі ў спадчыну лепшыя ўзоры і традыцыйнага нацыянальнага адзення. Яно ўражвала сваім каларытам: саматканыя ўзоры, вышытыя кашулі ды аздобленыя рознакаляровым суквеццем спадніцы…

Не менш файна выглядалі  старасельскія хлопцы і дзяўчаты, якія зрабілі стаўку на кулінарныя стравы, што калісьці былі звычайнымі на святочным абрусе, а сёння — ужо далікатэсы, прыгатаванне якіх, хіба, знойдзеш у поварскіх кніжках. Над прыгатаваннем аўсянага кісялю, халадцу, гарохавых камоў ды рэпніку па старадаўнім рэцэптам варажылі кухары ўстановы адукацыі Святлана Палешка, Таццяна Косарава, а таксама настаўнікі. Такімі стравамі старасельцы прывячалі мядзведзя, які быў галоўным дзеючым персанажам на святкаванні Камаедзіцы. Артысты ўпэўніваюць, што ў гэтым свяце закладзена ідэя хуткага набліжэння цяпла і вясны.

Менавіта яе вяселым гуртам прывячалі хлопчыкі і дзяўчынкі Лятчанскай школы.  Вясна-красна бачылася ім у вобразе прыгожай, квітнеючай дзяўчыны. Яе з’яўленне звязвалі з прылётам птушак з выраю. Клікалі-гукалі жаваранкаў, якія лічыліся вестунамі вясны. Менавіта гэтых птушачак пяклі гаспадыні, пасля чаго моладзь, сабраўшыся на ўзгорку ў карагод, падкідвала іх уверх, прыпяваючы: «Жавароначкі, прыляціце, цёпла лецейка прянясіце!…» Кідалі свой голас вышэй у неба разам з веснавымі спевамі ўсе: і старыя, і малеча, бо вясна, што на парозе — радасць усеагульная. Калі ўсё абуджаецца навокал, зараджаюцца і пачуцці. Як прыгожыя жаўрукі ў вясновай квецені, мілуюцца закаханыя жаніх і нявеста ў бярозавым гаі. Шматлікім сябрукам маладых здалося цесна ў зале, таму моладзь высыпала на вуліцу.

Не зусім утульна ў памяшканні адчувалі сябе і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, што вярнулі з небыцця Юр’е – адзін з самых урачыстых дзён гадавога кола беларусаў, так званага земляробчага календара. Свята звязана з ушанаваннем звышнатуральнага персанажа, які апекаваў свойскую жывёлу, сялянскую ніву, якому падпарадкоўваліся дзікія жывёлы – Ярылы. Менавіта гэтае свята і звязаныя з ім абрады і звычаі адрадзілі на кіраўскай сцэне артысты Варонаўскай школы.

Свята першага выхаду свойскай жывёлы на пашу вучні і настаўнікі вырашылі адзначаць па ўсіх старадаўніх законах: у глядзельнай зале аднекуль з’явілася  рагуля. Жывёла пад пільным доглядам сваіх пастухоў таксама радавалася канчатковаму росквіту прыроды, бо цяпер і на ніўку глядзець весялей.

Гарэзлівыя, з пачуццем гумару нашы продкі трапна сведчылі, што «На год два Юр’і, ды абодва дурні: адзін галодны, а другі (9 снежня) — халодны», «Калі на Юр’я раса –  не трэба каням аўса», і шмат яшчэ чаго лічылі напраўду. А хтосьці і зараз давярае юр’еўскім прыкметам, што ж, і мае рацыю. Лічыцца, што раса ў гэты дзень цудадзейная, ад хвароб — сродак лекавы, на жаль, але праверыць гэта мы ўжо сёлета не зможам, хіба чакаць наступнага года, менавіта 6 мая ці 23 красавіка па старому стылю, і адзначаецца Юр’е.

А паколькі гэта конкурс, то павінны быць пераможцы. Як адзначыла метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Прыгожая, з кожным этапам усё цяжэй і цяжэй вызначаць лепшы фальклорны гурт. У веснавым цыкле лепшую  прэзентацыю праекта прадэманстравала Кіраўская школа,  дыплом за лепшае прадстаўленне абрадавага дзеяння надзейна трымае ў руках Варонаўская. Велізарная пошукава-даследчая праца праведзена лятчанскімі этнографамі і фалькларыстамі, а вось моду на народнае адзенне на гэты раз задала творчая майстэрня Старасельскай школы.

Таццяна Дзiканава.