Выстава «Зямля пад белымі крыламі», адкрытая зараз у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, шырока дэманструе выдатнае майстэрства і бязмежную фантазію народных майстроў Віцебшчыны.
Вырабы Алесі Сарбаш
Саламяныя лялькі Алены Саўчанка
У дзвюх залах цэнтра размешчана багатая экспазіцыя, якая ўражвае разнастайнасцю экспанатаў. Сярод іх – вырабы з саломкі, лазы, гліны, саматканыя габелены і рушнікі, керамічныя сувеніры. Шырока прадстаўлена і такая традыцыйная беларуская тэхніка, як ласкутнае шыццё, маляванка, роспіс па шклу, выцінанка.
Выставілі свае вырабы і майстры Цэнтра народных рамёстваў «Адраджэнне» Віцебскага раёна. Тут можна ўбычыць саламяных анёлкаў і лялек Алены Саўчанка, забаўныя керамічныя свістулькі і іншыя сувеніры Алесі Сарбаш, своеасаблівы гліняны посуд (алейнік, кваснік, жбаночкі і інш.) Таццяны Гаруновай. Народны майстар Ігар Яўсціхаў прапануе незвычайную кнігу ў скураным пераплёце, упрыгожаным каменнямі, – гэта каталог яго ўласных творчых вырабаў.
Кваснік Таццяны Гаруновай
У. Караткевіч у кнізе «Зямля пад белымі крыламі» засведчыў легенду пра тое, як Бог дзяліў між народамі землі: «І даў Бог беларусам, якія яму вельмі спадабаліся, пушчы нямераныя, рэкі – поўныя, азёры – нялічаныя. Звяры і дзічына ў пушчах чародамі; лані бягуць – лес варушыцца. Рыбы ў рэках – касякамі… Яшчэ сказаў Бог, што і людзі на гэтай зямлі будуць таленавітыя…» Гэтая выстава ручных вырабаў народных майстроў краіны птушак з белымі крыламі – сапраўдны доказ словам пісьменніка.
Для даведкі: вырабы, якія вам спадабаюцца, можна будзе набыць пасля заканчэння выставы. Яна працуе да 18 жніўня.
Таццяна Салаўёва.
Фота аўтара.
Советуем прочесть:
- Новый мировой рекорд Анатолия Ежова из Витебска занесен в Книгу рекордов Гиннеса
- Гранитный памятник установлен на братской могиле в деревне Трущи Витебского района
- Отдых в Витебском районе
ЗДЕСЬ вы можете задать ВОПРОС специалисту и получить на него квалифицированный ОТВЕТ
АФИША Витебска и Витебского района