Найлепшыя пажаданні з нагоды Божага Нараджэння адрасаваў вернікам біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін падчас традыцыйнай прэс-канферэнцыі, што адбылася ў парафіі Езуса Міласэрнага.
Гэта свята дорыць лю¬дзям ласку паяднання з Богам. Яно суправаджаецца добрымі ўчынкамі, асаблівай увагай да блізкіх і знаёмых, і, у першую чаргу, да тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Вялікую дзейнасць у гэтым напрамку праводзіць дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Віцебскай епархіі. Кароткую справаздачу аб гэтым за 2012 год прадставіў яго дырэктар Віталь Кульпекша. У прыватнасці, Сялюцкаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату аказана дапамога ў набыцці швейнай машыны і тканіны для пашыву піжам. Падтрымку ў выглядзе бясплатных абедаў атрымалі 600 малазабяспечаных грамадзян у Віцебску і Глыбокім. Арганізаваны адпачынак беларускіх дзяцей у Польшчы, аплачана 20 пуцевак для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў турысцка-аздараўленчы комплекс “Лосвіда” і г. д. Важным напрамкам з’яўляецца прыцягненне валанцераў, якія працуюць на грамадскіх пачатках.
Журналісты віцебскіх СМІ азнаёміліся са святочным нумарам газеты “Каталіцкі веснік”, дарэчы, нядаўна створана яе электронная версія, з нагоды чаго падзяліўся радасцю галоўны рэдактар выдання ксендз Віктар Місевіч. Пасведчанні супрацоўнікам каталіцкай газеты ўручыў асабіста біскуп Уладзіслаў Блін. У сваю чаргу супрацоўнікі тэлерадыёкампаніі “Віцебск” зрабілі яму падарунак — паднеслі карціну мастака Фелікса Гумена з выявай касцёла Езуса Міласэрнага. Падарунак прыйшоўся да спадобы біскупу Віцебскаму, у чым ён шчыра прызнаўся.
З нагоды Нараджэння Божага каталіцкая царква праводзіць шмат мерапрыемстваў. У прыватнасці, 27 снежня пройдзе калядная сустрэча людзей з абмежаванымі магчымасцямі, на другі дзень пасля яе — сустрэча валанцёраў. Напярэдадні Ражства Хрыстова па календары праваслаўнай канфесіі ў касцеле Святой Барбары адбудзецца дабрачынны канцэрт Віцебскай абласной філармоніі пад сімвалічнай назвай “Слухай сэрцам”.
З Богам праз жыццё
Езус пасяліўся між намі. Кожнага чалавека ён адорвае сваёй любоўю, паказвае шлях і аднаўляе надзею. Маленькі Езус хоча нас весці праз усё жыццё. Таму ноч Божага Нараджэння прасвятляе сэнс чалавечага лёсу. Божае Нараджэнне дае нам таксама пачатак новага жыцця.
На кожны дзень дарогі праз гэты свет няхай Бог Вас благаслаўляе.
Уладзіслаў Блін,
Біскуп Віцебскі.
Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.