Будынак былога Віцебскага раённага Дома культуры па вул. Энгельса, пабудаваны ў даваенныя часы, сёлета афіцыйна перададзены “Беларускаму тэатру “Лялька”.

Лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны», заслужаны дзеяч мастацтваў, вучань народнага артыста СССР Сяргея Абразцова, член журы шматлікіх міжнародных тэатральных фестываляў В.Клімчук ганарыцца тым, што літаральна на ўсе спектаклі «Беларускага тэатра «Лялька», мастацкім кіраўніком якога ён з’яўляецца, купіць білеты бывае праблематычна. Зразумела, усе спектаклі ідуць толькі на беларускай мове. Дык хто сказаў, што мо гледачы не ходзяць у тэатр з-за «моўнага бар’еру»?

Цяжка ўявіць, што да 1985-га года ў абласным цэнтры не было прафесійнага лялечнага тэатра. Віктар Клімчук падчас спектакляў стаіць ад пачатку прадстаўлення і да той хвіліны, пакуль не закрыюцца кулісы. І не крыўдзіцца, калі яго, бывае, за вочы журналісты і артысты называюць «Карабас-Барабас»… Правялі шмат цікавых конкурсаў: «Стань юным беларускамоўным паэтам!», «Казка для Караткевіча».

—Віктар Ігнацьевіч, у «Ляльцы» заўсёды шмат падзей, аб якіх можаце расказаць?

—У красавіку “Беларускі тэатр “Лялька” адзначыў свой дзень нараджэння. Яму споўнілася 26 гадоў. Менавіта столькі часу прайшло з выхаду першага спектакля «Дзед і Жораў» цяпер  ужо заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь. Наведвальнікаў, як дарослых, так і дзяцей, у дні святкавання чакалі самыя лепшыя спектаклі, гаспадароў свята і гасцей — забаўляльныя праграмы, гульні, конкурсы. Рэжысёрам забаўляльных праграм была актрыса Вольга Корзун, якая разам са мной пачынала пісаць гісторыю тэатра «Лялька». Нядаўна адсвяткавалі яе асабісты юбілей.

Вельмі ўдала, на мой погляд, выступілі на тэатральным фестывалі ў Мінску, дзе тэатр браў удзел у конкурсе «Нацыянальная тэатральная прэмія»са спектаклем «Прынцэса і Свінапас» і ў «Творчай лабараторыі» з прэм’ерным спектаклем для дарослых «Нататкі вар’ята», паказ якога прызначаны на сакавік.

У Мінску неяк гутарыў з калегамі са Славеніі. Дык у гэтай краіне сутыкнуліся з праблемай — дзеці перавагу аддаюць «віртуальнаму павуцінню», нямала падлеткаў з так званай залежнасцю ад віртуальных гульняў. Таму ўрадам гэтай краіны стала выдаткоўвацца шмат грошай на фінансаванне праграм на падтрымку кнігавыдання, а таксама каб юныя грамадзяне наведвалі музеі, тэатры. Шчыра ўпэўнены, што такія ж праграмы варта рэалізоўваць і на Беларусі.

—Між іншым, спектаклі для дарослых у лялечным тэатры. многія здзіўляюцца, навошта іх ставіць?

—Напэўна, толькі прафесіяналы ведаюць, што першапачаткова, калі не памыляюся, яшчэ ў IX стагоддзі да новай эры тэатр лялек з’явіўся як тэатр менавіта для дарослых. Лялькі тады прадстаўлялі розных божастваў. Апошніх тады людзі, як грахоўныя істоты, не мелі права іграць. У параўнанні з драматычным тэатрам, у тэатра лялек значна больш мастацкіх сродкаў і выразных магчымасцяў. На жаль, мы па мінімуме выкарыстоўваем усю багацейшую  палітру тэатра лялек.

—Адчуваецца недахоп грошай?

—Не без гэтага, мякка кажучы. І мы шчыра ўдзячны кіраўніцтву Віцебскага аблвыканкама і губернатару

Аляксандру Мікалаевічу Косінцу за тое, што тэатру сёлета афіцыйна перададзены будынак былога Дома культуры Віцебскага раёна, пабудаванага яшчэ ў 1930-я гады. Ён таксама, як і будынак дзе зараз працуе тэатр, знаходзіцца на беразе Заходняй Дзвіны. Калі зараз у нашым тэатры адна зала, якая адначасова можа ўмясціць толькі каля 140 гледачоў, пасля адкрыцця новага будынку тэатра мы зможам працаваць на дзвюх сцэнах. І, канешне, колькасць месцаў для гледачоў павялічыцца ў разы. Паверце, новы тэатр з пункту гледжання архітэктуры стане адным з самых, я б сказаў, эфектных будынкаў ва ўсёй Віцебшчыне.

—Віктар Ігнацьевіч, вы вядомы далёка за межамі Беларусі яшчэ і таму, што ставіце спектаклі па запрашэнні іншых тэатраў. Што і дзе нядаўна паставілі?

—Кіраўніцтва Данецкага акадэмічнага тэатра лялек мяне запрасіла для пастаноўкі спектакля па казцы Р.Кіплінга «Цікаўны сланяня». І ўдвайне было прыемна працаваць там, бо я пачаў сваю рэжысёрскую кар’еру менавіта ва Ўкраіне — у Ріўненскім абласным тэатры лялек. Запрашэнняў паставіць спектакль за мяжой шмат, але з-за загружанасці ў родным тэатры я не заўсёды магу іх прыняць. Але ў маёй творчай скарбонцы ёсць пастаўленыя спектаклі ў Расіі, Украіне, Сербіі, Польшчы, Балгарыі… А вось у Данецкім тэатры ажыццяўляю пастаноўку ўпершыню. Стаўлю, галоўным чынам, беларускую і сусветную класіку.

—Навагоднія спектаклі ў тэатры — гэта «марафон» прадстаўленняў, «жніво» — у сэнсе нагрузкі на артыстаў…

—Так. Праграма ўключала спектакль «Навагодні церамок» і танцавальна-забаўляльную праграму ў фае тэатра «Навагоднія прыгоды». Дзеці трапляюць у сапраўдныя навагоднія прыгоды і дапамагаюць Дзеду Марозу выратаваць Снягурку, якую скралі разбойнікі. Напрыканцы свята кожны з маленькіх удзельнікаў атрымаў салодкі падарунак.

А. ПУКШАНСКІ.
На здымках: В. Клімчук; навагодняе прадстаўленне ў тэатры.
Фота В. ШАЙНАРАВА.