Трэці год запар гульні і танцы сплятаюць вянок-карагод. На мазалаўскай зямлі душу раскрывае народ. Гэтыя словы можна лічыць лейтматывам сёлетняга раённага свята “Мазалаўскі карагод гульняў”.
Свята мае ўжо сваю гісторыю, традыцыі. Ля вытокаў мерапрыемства стаялі культработнікі Андрэй Струнчанка і Наталля Федуковіч. Творчую ідэю адразу падхапілі месцічы. З таго часу мазалаўчане імкнуцца як мага больш людзей далучыць да багатай спадчыны, адрадзіць нацыянальную культуру. Трэці год асноўнай канцэртнай пляцоўкай выбіраецца так званы летні амфітэатр: тэрыторыя непадалёк ад помніка архітэктуры XIX стагоддзя — былой сядзібы з паэтычнай назвай “Мілае”.
Хлеб-соль Леаніду Дубіне ўручае Кацярына Каралёва
Тут заўсёды гасцям кланяюцца нізка, завітаць на сцэну просяць і на ручніках хлеб ды соль падносяць. Гаспадар мазалаўскай зямлі в. а. старшыні сельвыканкама Леанід Дубіна, прымаючы пачастунак, адзначыў, што каб не знікнуць як народ, як нацыя на гонкіх зямных раздарожжах, каб глядзець смела ў заўтрашні дзень, у будучыню, трэба берагчы сваё мінулае, як самы дарагі скарб.
Кожны год арганізатары прывабліваюць госцейкаў рознымі “разынкамі”. На працягу апошніх двух гадоў у межах свята праходзіць конкурс “Квасаўка”на лепшы рэцэпт прыгатавання славянскага квасу. Сёлета ўдзел у ім прынялі чатыры гаспадыні. Народнае журы большасць сваіх галасоў аддала “Квасу па-васільеўску”, які зрабіла настаўнік харэаграфічнага аддзялення Мазалаўскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Васільева. Не менш прыхільнікаў было і ў “Зубачоўскага квасу”. Гасцям і ўдзельнікам свята да смаку прыходзіцца не толькі напітак жыхаркі в. Хайсы Марыі Зубач, але і іншыя яе кулінарныя стравы. Разам з сяброўкамі па вакальна-харавым калектыве “Крыніцы” Тамарай Бычковай і Таццянай Сіняковай яны штогод імкнуцца адрадзіць усё новыя і новыя рэцэпты з вялікай кнігі беларускай нацыянальнай кухні. З салодкім да іх гасціннага падворка сёлета далучылася Валянціна Рыттар.
Бабулінымі прысмакамі частаваліся ўсе госці
Заўсёды шматлюдна ля шыльды “Вымнянская юшка”. Яе традыцыйна рыхтуюць прадстаўнікі аматарскага аб’яднання “Блесна” на чале з галоўным кухарам Ларысай Кухарэнка. Вось і на гэты раз доўга чакаць першых дэгустатараў не прыйшлося. Шчупак, карасі, акуні, падлешчык ды іншая “хвастатая” брація… “Ці спадабалася наварыстая юшка?” — звярнулася да тых, хто ўжо смакаваў апошнюю лыжку. Адказам былі пустыя талеркі. Якія тут словы!
Ларыса Кухарэнка запрашае на вымнянскую юшку
Побач з гаспадынькамі свае гандлёвыя рады разгарнулі рамеснікі. Народны клуб майстроў “Традыцыя” і Цэнтр народных рамёстваў “Адраджэнне” прэзентавалі вырабы з прыроднага матэрыялу. Пакупнікі доўга круцяць у руках прыгожыя гарлачыкі перад тым, як набыць: глядзяць, як на сонейку граюць “праменьчыкі” саломкі, рознакаляровыя перліны-бісерынкі спляліся ў каралі для прыгажунь. Свой пакупнік і на тавар майстроў Сялюцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. Пакуль наведвальнікі імправізаванай выставы-кірмашу вызначаліся з набыткамі, на святочнай сцэне “загудзела” вяселле.
Сёмушны вянок сплятаюць сушчоўцы
Тут ад прадзедаў засталася мода гуляць і пець пад музыку народа. Сёлета яе падхапілі народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вераснянка”, вакальна-харавы калектыў “Крыніцы”, калектывы Мазалаўскай ДзШМ, народны ансамбль народнай песні “Весялуха” (Бабініцкі СДК), Вымнянскі народны хор і іншыя.
Папоўніла скарбонку беларускага народа яркімі мастацкімі здабыткамі сушчоўская “Барыня”. Удзельнікі фальклорнага гурта Ларыса Шыдлоўская і Ірына Шчаблецова пазнаёмілі прысутных з абрадамі і традыцыямі святкавання Сёмухі, або Троіцы. Некалькі парад напярэдадні “зялёных святак” далі “барыні” моладзі. Казалі, што варажыць на суджанага можна пры дапамозе не толькі купальскага вянка, але і сёмушнага. Калі кветкавае кола падхопіць цячэнне — быць у пары, не — сядзець у дзеўках. Ды шмат яшчэ якіх забабонаў звязана з Троіцай. Аб усіх і не раскажаш, тым больш, што сушчоўскія жанчынкі адкрываюць бабулін куфэрак толькі для самых дапытлівых. Менавіта гэтая рыса аднойчы дапамагла ў зборы этнаграфічнага матэрыялу самім культработнікам. Дарэчы, па выніках агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах “Свет тваіх захапленняў”, якія былі падведзены на “Мазалаўскім карагодзе”, лаўрэатам сталі “Дзіяна” і “Спадчына” Сушчоўскага СДК.
Без узнагарод не засталіся і іншыя госцейкі. За высокі творчы ўзровень і актыўны ўдзел у раённым свяце гульняў і гульбішчаў яны атрымалі дыпломы. Акрамя такога пацверджання свайго прафесійнага майстэрства калектывам былі ўручаны эмблемы свята. Хто ведае, можа ў хуткім часе вінаградны смоўж, якога калісьці прывез у прыдзвінскую вёсачку Мазалава Ігнат Манькоўскі стане сімвалам не толькі гэтага “мілага” мястэчка…
Таццяна Дзіканава.
Фота аўтара.