Сёння ў раённым Доме культуры на педагагічнай канферэнцыі ўрачыста віталі маладых спецыялістаў.
Перад самым пачаткам новага навучальнага года такое мерапрыемства стала добрай традыцыяй. Сёлета свой першы запіс ў працоўнай кнізе атрымалі 32 учарашніх студэнты, якія далучыліся да вялікай педагагічнай сям’і Віцебскага раёна. Несумненна, храмы навукі папоўняцца годнымі кадрамі. Хлопцы і дзяўчаты, высока ўзняўшы сцяг адукацыі, будуць дзяліцца ведамі і ўменнямі са сваімі вучнямі і выхаванцамі.

з аптымізмам глядзяць у будучае сёлетнія маладыя педагогі

У адрас моладзі было выказана шмат цёплых слоў. На ўрачыстай цырымоніі кожны з іх быў залічаны ў “інспекцыю аховы настаўніцкага асяроддзя”. Дыпламаваным спецыялістам уручылі “інструкцыі і правілы па захаванні педагагічных рэсурсаў”.

Маладыя “інспектары” ўступаюць на вялікі і адказны прафесійны шлях. Некаторых жыццёвая сцяжынка прыводзіць у сваю школу.

Так, у родным храме навукі ўжо ў якасці настаўнікаў будуць працаваць Ірына Кавалеўская і Руслан Лысюк з Ноўкінскай і Варонаўскай школ. Не прыйшлося далёка ехаць з Малых Лётцаў Арцёму Гусакову — ён адправіўся ў суседнюю Старасельскую СШ. Для Кацярыны Спірыдовіч з Докшыччыны шматкіламетровая дыстанцыя не стала перашкодай для таго, каб настаўнічаць у Суражы. Самых маленькіх і цікаўных мазалаўчан давядзецца выхоўваць Ірыне Багалюбавай з Бешанковіцкага раёна.

Многія з іх, прыступаючы да выканання сваіх абавязкаў, вельмі перажывалі, не ведалі, як пройдуць першыя працоўныя будні. Але яны дарэмна хваляваліся, бо старэйшыя калегі з радасцю прынялі іх у педагагічны калектыў, які заўсёды гатовы падтрымаць і падзяліцца вопытам з маладымі настаўнікамі.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.