У Мазалаўскім дзіцячым садку шчадравала Каляда, якую малеча кожны год сустракае у гэтыя студзеньскія дні.

Удзельнікі тэатралізаванага прадстаўлення; выстава самаробных ёлачак.

Нягледзячы на тое, што кожны год змяняецца назва мерапрыемства, сэнс ад гэтага не губляецца: далучаць дзятву да беларускай культуры, звычаяў і абрадаў, даць уяўленне пра традыцыйныя гульні, раскрыць хлопчыкам і дзяўчынкам багатую скарбніцу вуснай народнай творчасці іх прашчураў. І мазалаўскія дашкаляты з вялікім захапленнем удзельнічаюць у свяце, рыхтуюцца да якога разам з бацькамі. Апошнія шчодра накрываюць сталы ў імправізаваных хатах. Пераважаюць стравы нацыянальнай беларускай кухні. Якія без іх Каляды? У народзе нават кажуць: “Ой, калядныя, бліны ладныя”. Пачаставацца смачным дашкалят і першакласнікаў запрашалі гаспадыні — памочнікі выхавальніц. Аднак, перш чым пакласці печыва ды варыва сабе ў рот, дзеткі за стол садзілі калядоўшчыкаў, якім толькі дрэнны гаспадар не адчыніць дзверы ў гэты час. Вясёлы гурт жадаў усім прысутным добрай долі, а бяды ніколі.

Атмасфера казкі пануе ва ўстанове адукацыі са снежня, калі на вокнах “пасяліліся” першыя сняжынкі. Да зімовага ўбрання садка далучыліся і бацькі. Разам з дзецьмі яны майстравалі цацкі для лясной прыгажуні і самі елачкі, сярод якіх была нават салодкая красуня, зробленая з цукерак.

З фантазіяй падыйшлі да творчага задання сем’і Савельевых, Вараб’ёвых, Бугаёвых, Чарныш, Васільевых, Вернер, Антропавых, Навіцкіх, Сватоўскіх, Косавых, Снаравых, Сядлоўскіх і іншыя. Работы ўдзельнікаў былі прадстаўлены на выставе “Навагодні сувенір”.

Таццяна Дзіканава.