Традыцыйна на Вадохрышча ў Заронаве масава адзначылі вялікае праваслаўнае свята. З кожным годам яно збірае ўсё больш прыхільнікаў здаровага ладу жыцця і не толькі з ліку мясцовага люду. Больш як на паўкіламетра выстраілася чарга аўтамабіляў да возера, і паток гэты не абмялеў да самага позняга вечара.
Асвячэнне вады праводзіць айцец Аляксандр
Урачыстае богаслужэнне на мясцовым вадаёме апоўдні правёў айцец Аляксандр.
Павіншавала сваіх аднавяскоўцаў і гасцей са святам, а пасля водных працэдур запрасіла ў мясцовы музей на гарбату яго кіраўнік, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Людміла Нікіціна.
З прывітаннем да прысутных звярнуўся намеснік дырэктара віцебскай ДзЮСШ № 8 Станіслаў Шумякоў. “У мінулым годзе мы не трапілі ў Заронава, рабілі заплывы на Дзвіне ў абласным цэнтры, але нідзе не параўнаць атмасферу з тутэйшай”, — прызнаўся ён. Дарэчы, усе плыўцы адзначаюць, што Заронаўскае возера размяшчаецца як бы ў чашы і тым самым засцерагаецца ад ветру, што стварае камфорт нават у сцюдзёны дзень.
Сёлета адчуць ласку боскую ў ледзяной купелі было як ніколі раней многа жадаючых. Да палонкі ў выглядзе крыжа ўтварылася чарга: у ледзяныя абдымкі смела апускаліся жанчыны і мужчыны, моладзь і пажылыя людзі, дзеці. У ліку першых смельчакоў былі заронаўскія “маржы”: Віталь Аляксееў, Мікалай Сенчанка, сям’я Прасалавых, Валянцін Крыўцун, дарэчы апошні перасягнуў 70-гадовы ўзрост. Сярод жанчын старэйшай была 65-гадовая віцябчанка Людміла Міронава, якая штогод прыязджае ў Заронава, а наогул яе “маржовы стаж” налічвае 10 год. “Вада дае здароўе і дорыць добры настрой”, — гаворыць плыўчыха, а гледзячы на яе можна дабавіць: і маладосць, бо на свой паважаны ўзрост яна зусім не выглядае.
Па прыблізных падліках у Заронаўскую іардань акунуліся больш за сотню чалавек. Але не толькі яны адчулі ласку боскую. У гэты дзень яна прыйшла да ўсіх вернікаў.
Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.