Адвечную працу хлебароба вянчаюць дажынкі. У суботу лепшыя працаўнікі збожжавай нівы сабраліся ў Гарадку. Ва ўрачыстасцях прыняла ўдзел і прадстаўнічая дэлегацыя нашага раёна.

На прасторах хлебных палеткаў ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» — мастацкі кіраўнік Кіраўскага СДК Сняжана Драчэніна

Сёлета пад збожжавыя ў раёне было адведзена 29299 гектараў. Найбольшыя плошчы зерневы клін займаў у адкрытых акцыянерных таварыствах “Віцебская бройлерная птушкафабрыка”, “Ліпаўцы”, “Адраджэнне”, “Аграпраца”, “Рудакова”, калгасе “Альгоўскае”, КУСГП “Вымна”. Дзякуючы комплексу агратэхнічных мерапрыемстваў, на збожжавых  палетках вырас багаты ўраджай. Пераўзыдзены запланаваны рубеж — намалочана 104454 тоны зерня ў бункернай вазе.

Падчас святкавання 90-годдзя Віцебскага раёна ў ліпені бягучага года, акурат напярэдадні жніва, каравай быў паднесены старшыні райвыканкама Руслану Фурашову

Дасягнутыя паказчыкі — вынік стараннай працы, адказнасці, высокага прафесіяналізму і майстэрства як кіраўнікоў, спецыялістаў гаспадарак, так і хлебаробаў, якія ведаюць, што толькі ў адказ на клопат зямля адудзячвае шчодрым ураджаем.

Першую тысячу тон зерня высыпалі з бункера старшы камбайнер Сяргей Логінаў і камбайнер Віктар Мікалаеў з ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка”. Вадзіцелі гэтага сельгаспрадпрыемства Алег Жукаў і Генадзь Тарасенка першымі перавезлі тысячу тон збожжа. У моладзевым спаборніцтве на жніўным полі рытм задалі таксама прадстаўнікі акцыянернага таварыства — браты Антон і Канстанцін Сямёнавы.

Галоўны аграном ААТ «Рудакова» Дзяніс Церашкоў ведае законы хлебнага поля

Шчодра аддзячыла збожжавая ніва хлебаробаў адкрытага акцыянернага таварыства “Рудакова”. Менавіта тут дасягнута самая высокая ўраджайнасць: 63,2 цэнтнера з гектара. Валавы намалот зерня ў гаспадарцы склаў 10 600 тонн збожжа. Менавіта з рудакоўскіх залатых палеткаў перавозіў зерне Аляксандр Дашкевіч, малады вадзіцель, які першым у раёне пераадолеў тысячатонны рубеж і выйшаў лідарам спаборніцтва ў сваёй узроставай катэгорыі.

Першым святкавала “Дажынкі” сельгаспрадпрыемства “Мазалавагаз”. Сёлета гаспадарка ўпершыню пераступіла 6-ці тысячную мяжу па валаваму намалоту зерня. Першага месца ва ўнутрыгаспадарчым спаборніцтве былі ўдастоены Сяргей Мелдэрэс і яго памочнік Яўген Хашкоўскі. Другое месца пакінуў за сабой экіпаж у складзе Аляксандра Шлеперава і Віталя Янчанкі. Шчыра славілі рупліўцаў нівы калектывы мастацкай самадзейнасці віцебскіх газавікоў.

Моладзевы экіпаж Аляксея Мясаедава і Аляксея Іванова з калгаса «Альгоўскае» узяў вышыню — дасягнуў намалоту ў дзве тысячы тон. Працавалі камбайнеры з поўнай аддачай, выдатным настроем

Свята хлебаробаў сабрала разам і ўдзельнікаў сельскагаспадарчай кампаніі калгаса “Альгоўскае”. Сёлета тут дасягнуты самы высокі намалот у гісторыі гаспадаркі 13744 тоны ў бункернай вазе. Большасць тут і камбайнавых экіпажаў-тысячнікаў, у прыватнасці Сяргей Воранаў і Арцём Бераснеў, Леанід Буцьянаў і Валерый Белавусаў, Іван Рабцаў і Юрый Маісееў. Моладзевы экіпаж гаспадаркі ў складзе двух Аляксеяў — Мясаедава і Іванова першым у раёне намалаціў паўтары тысячы тон зерня. Яшчэ 500 тон зрабілі іх лідарамі моладзевага спаборніцтва ў вобласці.

Вадзіцель калгаса “Альгоўскае” Васіль Капешка, на рахунку якога больш за 1400 тон перавезенага збожжа. Пасля добрай працы можна пусціцца і ў скокі з дырэктарам Альгоўскага СДК Галінай Хачапурыдзе

Трэба адзначыць, што рупліўцы “Альгоўскага” традыцыйна з’яўляюцца ўдзельнікамі рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі”. кожны год яны вярталіся са свята з дыпломамі і падарункамі. Ужо вядома, што гэты год не стане выключэннем. Сёння ў Гарадку свае пачэсныя ўзнагароды атрымаюць камбайнеры Сяргей Воранаў і Арцём Бераснеў, Іван Рабцаў і два Аляксеі — Мясаедаў і Іваноў. Будуць ушанаваны і прадстаўнікі ААТ “Рудакова”: вадзіцелі Аляксандр Холад і Віктар Чарнагузаў, старшы камбайнер Мікалай Шушкевіч. У іх адрас — словы падзякі за старанную працу, у іх гонар — лепшыя песні калектываў мастацкай самадзенайсці.

Хлебаробы калгаса “Альгоўскае” Уладзімір Астапаў і Сяргей Парамонаў унеслі важкі ўнёсак у агульны каравай сельгаспрадпрыемства.

У складзе дэлегацыі Віцебскага раёна, акрамя галоўных герояў свята, — кіраўнікі гаспадарак, ветэраны сельгасвытворчасці. Дарэчы, сёлета прыдзвінцы ў 18 раз узялі курс на хлебаробскі фэст. Гонару прыняць удзел у свяце ў розныя гады ўдастойвалiся сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, а таксама лепшыя тэхнолагі палёў, механiзатары i камбайнеры. Тыя, хто сваімі рукамі, майстэрствам і самаадданай працай здабывае беларускае золата, імя якому — хлеб.

Рэкорды на збожжавай ніве паставілі хлебаробы ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка». Лідарамі на ўборцы зерня тут адначасова сталі камбайнеры Сяргей Логінаў і Віктар Мікалаеў, вадзіцель Генадзь Тарасенка.

Ледзь закончылася жніво, земляробы распачалі азімую сяўбу — зладжана працуюць на новы ўраджай 2015 года. Азімы клін сёлета зойме 19400 гектараў. У тэмпе вядуць сяўбу вядучыя гаспадаркі раёна. У ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка»  планавае заданне ўжо нават перавыканана. На апошніх гектарах азімага поля занята тэхніка ў ААТ “Рудакова”, філіяле “Паўдзеткі” ААТ “Малако”. У спрадвечным коле спраў жыве хлебароб: араць, сеяць, жаць. І толькі невялікі перапынак на галоўнае свята — “Дажынкі”.

Таццяна Дзіканава.