Вядома, кожная сям’я — гэта асобны свет са сваімі традыцыямі, асаблівасцямі стасункаў. Надзвычай радуе, калі яна падобная на магутнае дрэва, што імкнецца сваімі галінкамі высока ў неба, а каранямі — глыбока ў зямлю. Яркім прыкладам таму з’яўляецца сям’я Сяргея і Вольгі Афанасьевых з аг. Кіраўская.

Вольга Афанасьева з дзецьмі

Тыя, хто добра знаёмы з гэтай парай, сцвярджаюць, што маладыя людзі выдатна дапаўняюць адзін аднаго, заўсёды знаходзяць кампраміс у любой, нават самай складанай сітуацыі, жывуць, як кажуць, душа ў душу. Прынцыпамі дабрыні, любові, узаемадапамогі і адказнасці, на якіх грунтуецца сям’я Афанасьевых, захапляюцца аднавяскоўцы.

Здавалася б, прайшло нямала часу, аднак Сяргей і Вольга да сённяшняй пары добра памятаюць чароўныя іскрынкі, якія ўспыхнулі паміж імі ў дзень знаёмства. Яны перакананыя, што гэта было каханне з першага погляду. Адбылася лёсавызначальная сустрэча 12 гадоў назад ля Кіраўскага сельскага Дома культуры. З таго часу не расстаюцца. Сваё 10-годдзе са дня шлюбу, алавянае вяселле, маладыя людзі адзначаць у сярэдзіне кастрычніка. За гэты перыяд адносіны атрымалі трываласць, сталі больш моцнымі і важкімі. У іх сямейным жыцці ёсць месца і рамантыцы, таму не дзіўна, што першы двухзначны юбілей яшчэ называюць і ружовым.

Мэтанакіраваныя, энэргічныя, вясёлыя — пра такіх людзей кажуць: жыццё б’е ключом. Свет іх захапленняў дастакова багаты і разнастайны, нягледзячы на тое, што Вольга працуе сакратаром у ААТ “Адраджэнне”, а Сяргей — будаўніком на адным з віцебскіх прадпрыемстваў. Сярод іх любімых заняткаў — рыбалоўства. На гэтай “кухні” яны “варацца” з самага пачатку існавання сям’і. Самым галоўным “шэф-поварам” з’яўляецца Сяргей, які ведае ўсё пра неабходныя “інгрыдыенты” для паспяховага ўлову, а таксама шматлікія рыбныя хітрыкі. Вуджэнне для Афанасьевых — пэўны рытуал, лад жыцця, пры якім іх дыханне гучыць ва ўнісон з дыханнем ветру. Толькі на ўлонні прыроды, ля вадаёма, там, дзе перасякаюцца стыхіі, яны атрымоўваюць велізарны зарад энэргіі. Такое захапленне дазваляе крыху адпачыць пасля працоўнага тыдня, скінуць душэўную напругу на прыродзе, падыхаць свежым паветрам і атрымаць сваю дозу адрэналіну. Пасля першага ўлову часта прыходзіць сапраўдны азарт і радасць выцягнуць чарговы трафей. Сям’я з вялікім задавальненнем гатуе рыбныя стравы, ды і не толькі.

Тое, што сям’я пачынаецца з дзяцей, героі гэтай публікацыі зразумелі даўно. Яны перакананыя, што дзіцячы смех у доме — вялікі падарунак лёсу. Сяргей і Вольга ганарацца дасягненнямі 9-гадовай Насці і 7-гадовага Сашы. Дзяўчынка на працягу трох гадоў займаецца ў спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву і мае за плячыма дзясяткі перамог у розных спаборніцтвах па спартыўнай акрабатыцы. Прыйшлося нават у доме адвесці спецыяльнае месца для ўзнагарод, бо іх накапілася вельмі шмат — гэта  медалі, кубкі, граматы, дыпломы, падзякі. Усе дасягнутыя поспехі — вынік доўгай і карпатлівай працы. Прыклад са сваёй старэйшай сястры ўзяў і малодшы брат Саша, які зусім нядаўна прыступіў да заняткаў у гэтай спартыўнай школе.

Такая таленавітая і спартыўная сям’я стала ўдзельніцай абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла”, які не так даўно прайшоў у Полацку. У пераадоленні розных этапаў ім дапамагло гарманічнае спалучэнне знешніх і ўнутраных рысаў, падтрымка райкама БРСМ, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па  справах моладзі райвыканкама.

Хочацца пажадаць сям’і Афанасьевых прайсці праз жыццё моцна трымаючыся за рукі, і каб надвор’е ў іх доме заўсёды было сонечным і яркім.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.