Замест фарбаў і пэндзляў — пясок і… рукі. Замест застылага палатна — рух і пастаянная змена “кадраў” на шкляным стале. Так дзейнічае пяскограф — чалавек, якому падуладна “ажывіць” пясок і стварыць з яго сапраўдны шэдэўр. Такому рамяству пачалі вучыць з гэтага навучальнага года ў гуртку ранняга развіцця ў Акцябрскім сельскім Доме культуры.

Фото: https://yogalifejournal.com

 

Наталля Буланчыкава

Маляваць на пяску тут спрабуюць дзеці пачынаючы з дашкольнага ўзросту. Часцей за ўсё адлюстроўваюць тое, пра што думаюць і мараць. У лічаныя хвіліны на змену лютай зіме прыходзіць цёплае лета, паўсядзёныя будні на шкляной паверхні змяняюцца святамі…

Ідэя ўкараніць у аграгарадку такі рэдкі від мастацтва, як пескаграфія ці па-іншаму сэнд-арт, належыць дырэктару Акцябрскага СДК Наталлі Буланчыкавай. Сама ж культработнік асвоіла гэтае рамяство, якому вучыць сваіх падапечных. У руках майстра гэты матэрыял пражывае мільёны жыццяў: некалькі крупінак на паверхні шкла — і выяўляецца пэўная сюжэтная лінія. Эфектнасць гэтага мастацтва дасягаецца за кошт таго, што карціны ствараюцца прама на вачах у гледачоў.

— Тонкім пластом на празрыстай плоскасці рассыпаецца дробны сухі пясок, гнуткія пальцы наносяць на асветленую знізу паверхню першыя рыскі. Атрыманы малюнак перадаецца аўдыторыі пры дапамозе праектара, — расказвае Наталля Уладзіміраўна. — На працягу ўсяго шоў вобразы бесперапынна змяняюцца, ствараюцца новыя гісторыі. Ціха іграе музыка, душа замірае ў чаканні пясочнага цуду.

Пескаграфія ўражвае, здзіўляе, і такія творы з’яўляюцца эстэтычнай каштоўнасцю. Якім бы дасканалым і гарманічным ні атрымаўся “залаты” малюнак, ён жыве ўсяго імгненне.

Спрабуе будаваць замкі на пяску і ствараць разнастайныя метамарфозы вучаніца 3 класа Акцябрскай школы Таня Жыгун. Дзяўчынка стараецца пераймаць рухі рук, спрабуе дэталёва паўтарыць кожную выяву за сваім педагогам. Ігра пяском, па словах Наталлі Буланчыкавай, дапамагае развіваць творчую фантазію, мысленне, дробную маторыку.

Пескаграфія становіцца ўсё больш запатрабаванай. Гэта тлумачыцца яе арыгінальнасцю і параўнальнай прастатой у выкананні. Сэнд-арт пашырае вобласць ужывання і знаходзіць больш статычныя формы. За кошт гэтага СДК абагаціўся на спектр сваіх паслуг, у які гарманічна ўпісаліся пясочныя відэа-віншаванні, унікальныя зыбкія шаржы і нават эксклюзіўныя прапановы рукі і сэрца.

Таня Жыгун

Акрамя таго, ужо год як у гэтай установе культуры дзейнічае гурток усходніх танцаў і пластыкі, які пасля летняга тайм-аўта вярнуўся ў звычайны рэжым працы. Ім таксама кіруе  дырэктар гэтай установы. Наталля Буланчыкава атрымала харэаграфічную адукацыю ў Віцебскім коледжы культуры і мастацтва. Яна перакананая: каб навучыць прыгожа рухацца, трэба мець вялікае жаданне і цярпенне, бо такі занятак патрабуе нястомнай працы. Танец выглядае прыгожа толькі тады, калі выступоўца добра валодае ўсім сваім целам і кантралюе кожны рух.

У сваёй дзейнасці культработнік скіроўвае ўвагу не толькі на саму пастаноўку, кампазіцыю і яго малюнак, але і на арыгінальнасць. Прыцягвае ўвагу і змешванне стыляў і накірункаў усходняга танца, за зместам якога хаваецца штосьці магічнае, нейкая таямніца. Цікавасць да гэтага праяўляюць многія мясцовыя жыхаркі рознага ўзросту. І гэта ўсё дзякуючы невычэрпнай энэргіі, энтузіязму і крэатыўным ідэям дырэктара СДК.

Зараз, знаходзячыся ў водпуску па доглядзе за дзіцяці, яна не можа не дакранацца да мастацтва. Культработнік не спыняецца на дасягнутым, а пацвержджанне таму — вучоба на завочным аддзяленні ВДУ імя П.М. Машэрава. Нягледзячы на тое, што Наталля Буланчыкава крыху больш за год як працуе ў Акцябрскай, маючы вопыт культасветніцкай дзейнасці ў Мазалаўскім СДК, упэўнена крочыць па творчай дарозе, пакідаючы на ёй свае эксклюзіўныя арыенціры.

Яна ўдыхнула новае жыццё ў храм культуры, які цалкам змяніў сваё аблічча, і змагла сабраць каля сябе мноства актыўных і ініцыятыўных людзей, якія захоўваюць традыцыі і ўкараняюць у душу населенага пункта інавацыі, імкнуцца зрабіць кожны новы дзень аднавяскоўцаў больш насычаным і запамінальным: з меладычнымі песнямі, задорнымі танцамі, унікальным каларытам беларускага і замежнага мастацтва — усім тым, што здольна выпраменьваць святло, супакойваць сэрцы і саграваць душу, адчыняць дзверы добраму настрою.

Вольга Булаўка.
Фота аўтара.