Магчыма не так шпарка, як хацелася б, крочыць вясна, але не позніцца, бо здаўна абуджэнне прыроды ад зімовага сну звязвалі з Саракамі — днём Сарака Пакутнікаў, які адзначаецца  22 сакавіка.

Удзельнікі абраду “гуканне вясны” ў Заронаве

Лічылася, што ў гэты дзень “сорак саракоў птушак вясну нясуць”. Але яе трэба было запрасіць, таму праводзілі абрад гукання вясны. З захаваннем усіх элементаў святочнай дзеі падышлі да яго ў Заронаве. Арганізаваў жа захапляючае відовішча мясцовы музей.

Па традыцыі ўдзельнікі свята і жыхары аграгарадка сабраліся на ўзвышшы на беразе цудоўнага возера. З печывам у выглядзе птушачак юныя краязнаўцы спявалі вяснянкі і клікалі: “Жавароначкі, прыляціце! Цёпла лецейка прынясіце!”

Далучыліся да абрадавага дзеяння са сваімі папяровымі крылатымі вырабамі выхаванцы Заронаўскага дзіцячага садка. Змілавалася Вясна, завітала  на свята, а з сабою прынесла кош загадак. Кемлівыя дзеці не толькі іх разгадалі, а ўспомнілі мноства прыказак і прымавак пра вясну, зямлю, працу.

У даўніну ў гэты дзень на гары хлопцы ладзілі вогнішча, у якім спальвалі ўсе непатрэбныя рэчы, бо агонь сімвалізуе ачышчэнне душы. У Заронаве таксама карагодам каля вогнішча адзначылі абрадавы пераход да новага каляндарнага цыкла, новага этапу жыцця. І яшчэ доўга дзятва і дарослыя весяліліся, гулялі ў ручаёк, ласаваліся печывам.

Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.