IMG_1492

У кожнага з нас Купалле асацыюецца з чымсьці магічным і дзіўным, казачным і непаўторным. Старажытную абрадавую ўрачыстасць летняга сонцастаяння ў мінулы панядзелак адкрытае акцыянернае таварыства «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» зрабіла сапраўдным масавым гуляннем. На беразе возера Сосна разгарнулася яскравае мерапрыемства, якому не перашкодзіў нават дождж…

IMG_1492

Цудоўнае свята захоплівала ўсіх — ад старога да малога. Гэта сведчыць пра тое, што яго традыцыі і павер’і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. На адной сцэнічнай пляцоўцы, у якую пераўтварыўся Прыазёрны панадворак “У Ганны”, месца хапіла ўсім: працаўнікам прадпрыемства, мясцовым жыхарам, а таксама гараджанам, якія з вялікай цікавасцю прымаюць удзел у гульбішчах.

Нягледзячы на тое, што ўваход быў бясплатным, большасць удзельнікаў свята ўсё ж такі набыла квіткі. Імі ў гэты вечар былі купальскія вяночкі. Хтосьці ўжо прыходзіў у сваім убранні, хтосьці звяртаўся да прадстаўніц народнага ансамбля народнай песні «Вераснянка» Мазалаўскага СДК. Больш за сорак упрыгожанняў — галоўных атрыбутаў Купалля — зрабілі жанчыны. І гэта толькі за паўгадзіны да пачатку тэатралізаванага шэсця.

Апошняе захапіла сваёй каларытнасцю і відовішчнасцю. На тое, што па-іншаму Купалле і не адзначаюць, звярнуў увагу выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара птушкафабрыкі Віктар Міраш. Ён павіншаваў прысутных са святам і падкрэсліў, што традыцыі абрадавага дзеяння жывуць і на яго радзіме — на Глыбоччыне, дзе таксама варожаць, водзяць карагоды, спяваюць песні і шукаюць сваю папараць-кветку. Знайсці яе кожнаму пажадаў Віктар Вікенцьевіч.

IMG_1397

У хуткім часе галоўнае дзейства перанеслася на пляцоўку, дзе журы і гледачы выбіралі “Красу Купалля — 2015”. За гэты тытул змагаліся дзесяць прадстаўніц падраздзяленняў птушкафабрыкі. Прыгажуні дэманстравалі свае строі, купальскія вяночкі і зачароўвалі прысутных бляскам вачэй. Гран-пры было прысуджана Іне Новікавай, старшаму аператару цэха інкубацыі. Госці і ўдзельнікі свята аддалі перавагу Ксеніі Гудзан (цэх па вытворчасці гатовай прадукцыі), Аляксандры Васільковай (цэх убою і перапрацоўкі птушкі №1) і Аляксандры Гарло (бухгалтэрыя). Яны адзначаны прызамі глядацкіх сімпатый. Аднак, дзякуючы прафкаму прадпрыемства і партнёрам свята — кампаніі “Velcom”, без падарунка не застаўся ніхто. “Самая рамантычная”, “Самая казачная”, “Самая загадкавая”… прысуджаліся тытулы ўдзельніцам конкурсу.
Адзначыць перамогу можна было многа дзе. Гандлёвыя кропкі птушкафабрыкі запрашалі да шчодрага стала. Шмат розных тавараў, сувенірнай прадукцыі прапаноўвалі прыватныя прадпрымальнікі, якія разгарнулі свае рады на панадворку. Безліч атракцыёнаў стваралі цудоўны святочны настрой.

Удалы сцэнарый мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел артысты Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, калектывы мастацкай самадзейнасці фабрыкі і  культурна-гістарычнага комплекса «Залатое кальцо Віцебска «Дзвіна», нікога не пакінуў абыякавым. Беларускія спевы і танцы, народныя гульні зарадзілі ўсіх прысутных на ўвесь наступны год шчасцем ды ўдачай. А гэта ніколі лішнім не бывае. Таму і весяліліся-ачышчаліся людзі ад душы.

Таццяна Дзіканава.
Фота аўтара.