Пачэснае званне «народны» ў чарговы раз пацвердзіў клуб майстроў Віцебскага раёна «Традыцыя», які дзейнічае на базе Цэнтра рамёстваў «Адраджэнне». Абарона мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтай падзеі, прайшла ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Падзівіцца на цудоўныя творы прыдзвінскіх умельцаў сабралася поўная зала гледачоў. Для іх майстры са сваёй групай падтрымкі правялі імправізаваныя вячоркі — з песнямі, конкурсамі народных прымавак і загадак, пачастункамі.
На здымку: Анастасія Вінюкова ля сваіх строяў
Сапраўднымі творамі мастацтва назваў экспанаты выставы, адкрываючы свята, галоўны спецыяліст аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Дзяніс Юрчак. На яго думку, назва клуба вельмі сімвалічная, бо ўмельцы даюць імпульс беларускай даўніне, захоўваюць народныя традыцыі, да якіх, як да тых каранёў, можна сёння дакрануцца.
Візітную картку «Традыцыі» прадставіла кіраўнік калектыву Вера Казлова.
Клуб майстроў быў створаны ў 1998 годзе і праз пяць год атрымаў званне «народны», у чым вялікая заслуга былога кіраўніка Ларысы Якаўлевай. Зараз ён аб’ядноўвае 63 чалавекі, якія працуюць у розных творчых накірунках. Гэта людзі рознага ўзросту і прафесій, самаму малодшаму ўдзельніку 16 год, старэйшаму — за 80. Сярод іх ёсць члены Беларускага саюза майстроў народнай творчасці і нават народны майстар Беларусі Ігар Яўсціхаў. Дарэчы, Ігар Віктаравіч падрыхтаваў для саюза майстроў дзвюх сваіх выхаванак. На яго думку, кожны настаўнік павінен пакінуць пасля сябе след — вучняў, якія працягнуць пачатую справу.
Большасць умельцаў «Традыцыі» адраджаюць рамёствы, ўласцівыя для Прыдзвінскага краю, але гэту спадчыну ўдала дапаўняюць сваёй самабытнай культурай перасяленцы з іншых рэгіёнаў, асабліва з Гомельшчыны, якіх шмат пражывае ў Віцебскім раёне.
Высокую ацэнку вырабам нашых майстроў дала дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і сусветнай культуры ВДУ імя П.М. Машэрава, галоўны мастак АМЦНТ Людміла Вакар. На некаторых яна асабліва засяродзіла ўвагу, у прыватнасці, на бяросце Вольгі Рыбаковай з Курына. Майстрыха робіць прамое і дыяганальнае пляценне, выкарыстоўвае суцэльныя пласты ў сваіх работах. Адна з апошніх — берасцяная грамата. На такім матэрыяле пачыналі пісаць нашы далёкія продкі, і гэты момант гісторыі Вольга Уладзіміраўна перадала нам у якасці артэфакта.
Адзначаны выдатныя ганчарныя формы Таццяны Гаруновай і керамічныя лялькі ў беларускім строі з нацыянальнай вобразнасцю Алены Запарожчанкі.
Плённа шчыруюць майстры ў тэхніцы лоза- і саломапляцення. У апошнім вельмі адметным Людміла Вакар лічыць старажытнае спіральнае пляценне, якое было ў карыстанні славян у IX–XII стагоддзях і якое зараз паспяхова аднаўляе Алена Саўчанка.
На здымку: на вячорках гучалі песні
Шмат вышыўкі, цікавай па матывах, пераўтворанай у карцінны вобраз. Але сярод экспанатаў асабліва вылучаюцца ручнікі Аксаны Мозалевай, бо яны аднаўляюць менавіта той арнамент, які бытаваў на тэрыторыі Віцебскага раёна. Свой непаўторны почырк у разбяроў па дрэве Паўла Чарневіча і Васіля Ключэні. Першы стварае цэлыя скульптурныя кампазіцыі. У процівагу яму за вітрынным шклом ледзь прыкметныя экспанаты Віталя Сырэвіча — мініяцюрныя люстэрка і грабеньчык, аздобленыя далікатнай разьбой. «Вось сапраўднае майстэрства — сціплае і вельмі тонкае», — ахарактарызавала іх галоўны мастак АМЦНТ.
На яе погляд, вельмі здатныя майстры па выцінанцы Жанна Фёдарава і Дана Жалязнова. Творчасць апошняй з’яўляецца ўзорам шляхетнай культуры XIX стагоддзя, калі з паперы выразалі сілуэты, партрэты для альбомаў.
Асаблівая ўвага звернута на народныя касцюмы, якія стварылі метадысты раённага Цэнтра рамёстваў Дзіна Даўгяла і Анастасія Вінюкова. У іх дамінуе сіні колер, і гэта было яскравай адметнасцю жыхароў Віцебшчыны. На выраб адзення ў майстрых пайшло каля трох месяцаў, папярэднічаў пашыву карпатлівы збор матэрыялу.
Засведчыўшы пацвярджэнне звання народнага, Людміла Вакар пажадала майстрам «Традыцыі» плёну ў дасягненні галоўнай мэты: даследаванні, адраджэнні, захаванні і памнажэнні народных традыцый.
Ніна Сталярэнка.
Фота аўтара.