Цэнтр рамёстваў «Адраджэнне» аб’ядноўвае захопленых творчых людзей. На базе яго працуе народны клуб майстроў Віцебскага раёна «Традыцыя», у які ўваходзяць больш за 60 чалавек. Народныя ўмельцы адраджаюць рамёствы, уласцівыя для Прыдзвінскага краю, удала ўплятаючы ў іх самабытную культуру перасяленцаў з іншых рэгіёнаў.

На здымку: Таццяна Лаўрыновіч і Анастасія Вінюкова

 Метадыст па народнай творчасці Таццяна Лаўрыновіч далучае да старадаўняга рамяства саломапляцення дзетак. Яна вядзе гурток «Злата Беларусі». Паўтара дзясятка малодшых школьнікаў з цікавасцю спасцігаюць азы працы з прыродным матэрыялам. Пачынаюць з аплікацыі, робяць вітушкі, кветачкі, просценькія лялькі. Паступова пераходзяць да аб’ёмных  форм — майструюць вазы, какошнікі, куфэркі.

Таццяна родам з Шаркаўшчыны, закончыла Віцебскі тэхналагічны каледж. Па размеркаванні два гады адпрацавала на радзіме і другі год вядзе гурток у «Адраджэнні», павышае кваліфікацыю на завочным аддзяленні мастацка-графічнага факультэта ВДУ імя П.М. Машэрава.

Рабіць чароўныя слядкі іголкай дзятва вучыцца ў гуртку па вышыўцы, якім трэці год кіруе Анастасія Вінюкова. Акрамя гэтага, разам з Дзінай Даўгяла дзяўчына працуе над народнымі касцюмамі, у прыватнасці, вышывае кашулі сіняй ніткай. У нацыянальным адзенні наогул дамінуе сіні колер, што было яскравай адметнасцю жыхароў Віцебскага рэгіёна. Строі нашых майстрых атрымалі высокую адзнаку спецыялістаў-мастакоў на выстаўцы ў абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

Умельцы з цэнтра рамёстваў «Адраджэнне» сваёй дзейнасцю праследуюць галоўную мэту: даследаваць, адраджаць, захоўваць і памнажаць народныя традыцыі.

Ніна Сталярэнка.
Фота Таццяны Дзіканавай.