На Каляды ў пасёлак радавых маёнткаў «Звон-Гара» штогод прыязджаюць госці з Мінска і Масквы. Не сталі выключэннем і сёлетнія святкі.
Традыцыя правядзення Калядаў на «Звон-Гары» існуе больш за пяць гадоў. Рыхтуюцца да іх загадзя. Дарослыя разам з дзятвой развучваюць тэматычныя песні, прыпеўкі, прычым многія з іх — аўтэнтычныя. Асобны рытуал — падбор адзення ўдзельнікам святочнага дзейства.
У мінулым годзе ў малодшых хлопчыкаў і дзяўчынак быў дэбют, таму сёлета яны трымаліся больш упэўнена. На высокім узроўні правялі абрад маленькія «горцы». Колькасць самадзейных акцёраў — ад сямі да пятнаццаці. Кожнаму адведзена свая роля.
Нязменныя персанажы — Каза, Мядзведзь, Бусел, Дзед. Узначальвае святочнае шэсце калядоўшчыкаў Зорачка. У гэтым годзе за ёй да ўсяго крочылі лекар, цыгане, а таксама лясныя звяры. Яны з’явіліся ў праграме ўпершыню, чым абавязаны Уладзіміру Кухто, які адказвае за падрыхтоўку сцэнарыя. Аднак апошняе слова застаецца за творчым калектывам.
Не толькі ён хваляваўся перад чарговым выступленнем, але і гаспадары падворкаў, якія становяцца ў гэтыя святочныя дні пляцоўкамі для тэатралізаванага свята. Яны не толькі рыхтуюць пачастункі, але і шматлікія выпрабаванні калядоўшчыкам, цікавыя вясёлыя конкурсы. Гарэзлівыя хлопцы і дзяўчаты, малеча развітваюцца з гаспадарамі з поўнымі кішэнямі і торбамі прысмакаў. Што тыя шчодрыя, не толькі на «Звон-Гары», але і ў суседніх вёсачках, ведаюць дакладна. Калядоўшчыкі штогод прэзентуюць сваю святочную праграму ў клубе аг. Задуброўе. У тым, што яна мае глыбокія каляндарна-абрадавыя карані, упэўніліся вучні Вымнянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, дзе «горцы» — чаканыя госці, бо там разумеюць, што адраджэнне традыцый і звычаяў беларусаў — неад’емная частка выхаваўчага працэсу, да якога неабходна далучаць дзетак, паколькі без ведання мінулага няма будучага.
Таццяна Дзіканава.