Прыдзвінскі край багаты на знакамітыя асобы, якія тут нарадзіліся і годна пракрочылі па абраным калісьці і назаўсёды прафесійным шляху. Сярод такіх людзей вылучаецца намеснік дырэктара Віцебскага раённага Дома культуры Таццяна Кірпічэнка, якая прысвяціла служэнню культуры 40 гадоў. З нагоды юбілею ў дзень яе нараджэння ў аграгарадку Ноўка адбылася творчая вечарына.

На фотаздымку: Таццяна Кірпічэнка

У 1977 годзе дваццацігадовай дзяўчынай Таццяна Васільеўна пачала працаваць дырэктарам сельскага Дома культуры ў Ноўцы, куды вярнулася пасля працы настаўніцай спеваў у Падсвільскай сярэдняй школе Глыбоцкага раёна. З таго часу і не пакідала дадзеную ўстанову, працуючы тут мастацкім кіраўніком і дырэктарам, а з 2006 года займае пасаду намесніка дырэктара РДК.

На працягу ўсёй працоўнай дзейнасці Таццяна Кірпічэнка стварае ўмовы для паўнавартаснага культурнага адпачынку вясковага насельніцтва, а таксама надае шмат увагі развіццю творчых здольнасцяў дзяцей і моладзі. Яна зараз кіруе аматарскімі аб’яднаннямі «Вярбіначка» і «Праменьчык», што працуюць на базе РДК.

Таццяна Васільеўна карыстаецца аўтарытэтам сярод калег і жыхароў, мае актыўную грамадзянскую пазіцыю. Так, на працягу двух скліканняў з’яўлялася дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, сёння — дэпутат выбарчай акругі Ноўкінскага сельскага Савета дэпутатаў.

На свята сабраліся родныя, сябры, калегі, знаёмыя і аднавяскоўцы. Шмат цёплых слоў гучала ад колішніх і сучасных калег, прадстаўнікоў абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, Ноўкінскай сярэдняй школы і іншых устаноў і арганізацый.

Цікавай атрымалася інсцэніроўка «З працоўных будняў Таццяны Кірпічэнка», якую падрыхтавалі калегі Таццяны Васільеўны, а галоўную ролю выканала яе дачка Вікторыя. Цудоўнымі канцэртнымі нумарамі вечарыну напоўнілі ўдзельнікі творчых калектываў РДК і мясцовай ДзШМ, а таксама госці Алена Рабава, Сяргей Бурый, Андрэй Жыгун і іншыя. Незабыўным і кранальным момантам стала віншаванне ад мужа Анатоля, дачкі Вікторыі, унука Каана і ўнучкі Елізаветы.

За шматгадовую добрасумленную працу ў галіне культуры, актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці раёна падчас вечарыны скарбонка ўзнагарод Таццяны Васільеўны папоўнілася Ганаровымі граматамі раённага Савета дэпутатаў, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама падзякай ад раённага цэнтра культуры і творчасці.

Андрэй  Струнчанка,
вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ