Двухдзённы выязны семінар бібліятэчных работнікаў прайшоў у паўночным рэгіёне з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і по справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. Актуальнасць размовы прадвызначала тэма мерапрыемства: «Сучасны стан і вектары развіцця бібліятэк Віцебскай вобласці».

На здымку: гаспадыня кніжнага храма Ала Магон.

У практычнай частцы семінара ўдзельнікі наведалі  Мазалаўскую сельскую бібліятэку. Раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма невыпадкова стала пляцоўкай для абмену вопытам. На працягу апошніх год нашы сельскія бібліятэкі пастаянна займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры». Да прыкладу, сёлета, па выніках 2016 года, Сасноўская бібліятэка, якую ўзначальвае Ніна Ларкова, заняла 2-е месца ў намінацыі «За пошукавую і даследчую працу». У мінулым годзе ў гэтай жа намінацыі перамог імідж-праект «Фактары поспеху маёй бібліятэкі» Марыі Карновіч (Курынская бібліятэка). Крыху раней заявілі  пра сябе на рэспубліканскім узроўні Вымнянская і Даўжанская бібліятэкі.

Дырэктар РЦБС Галіна Нісневіч падзялілася вопытам работы сістэмы ў цэлым і Мазалаўскай бібліятэкі, у прыватнасці. Яна звярнула ўвагу на эфектыўнае ўзаемадзеянне ўсіх сацыякультурных устаноў: Дома культуры, дзіцячай школы мастацтваў, агульнаадукацыйнай школы. Тут у цесным кантакце сумесна рэалізоўваюцца цікавыя гісторыка-краязнаўчыя праекты. На іх падрабязней спынілася гаспадыня кніжнага храма Ала Магон.

Сёлета Мазалаўская бібліятэка адзначае 80-гадовы юбілей. Стварэнне на яе базе цэнтра дадатковай адукацыі для дарослых у межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі стала цудоўным падарункам да знамянальнай даты, бо дазволіла набыць камп’ютарную тэхніку, сучасную мэблю і зрабіць для чытачоў, якіх налічваецца больш за 800, камфортныя ўмовы. Пытанні камплектавання бібліятэчнага фонду, падпіскі на перыядычныя выданні закранула загадчык навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Марына Пшыбытка.

 — А якія бібліятэчныя паслугі арганізаваны для жыхароў аддаленых населеных пунктаў? — пацікавілася намеснік дырэктара па інфармацыйных рэсурсах Нацыянальнай бібліятэкі Таццяна Кузьмініч.

У якасці адказу на пытанне госці азнаёміліся з работай бібліобуса.

Прыемнымі ўражаннямі ад убачанага падзяліўся з удзельнікамі семінара галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Сяргей Бацян.

Ніна Сталярэнка.