Сёлета на плошчы Свабоды абласнога цэнтра падчас фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» візітнай карткай вобласці быў купальскі вянок, створаны культработнікамі нашага раёна. Дарэчы, у абласным конкурсе тэматычных тэатралізаваных пляцовак брэндаў раёнаў і гарадоў падвор’е  Віцебскага раёна заняло 2-е месца.

На здымку: візітная картка вобласці — купальскі вянок

На рэспубліканскім свяце «Александрыя збірае сяброў», што праходзіць на Магілёўшчыне, творчая дэлегацыя нашага раёна прадстаўляла ўвесь паўночны рэгіён.

Для ўдзелу ў конкурсе купальскіх вянкоў культработнікі шчыравалі над стварэннем галоўнага святочнага атрыбута. Ідэйная распрацоўка кампазіцыі належыць мастаку Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці Таццяне Даўлетавай. Кветкі, уплеценыя ў купальскі вянок: валошкі, рамонкі, скрыпень, папараць, дзьмухавец, канюшына, браткі, зроблены з фаарміну. Тэатралізаваная прэзентацыя нашага святочнага сімвала ўдастоена дыплома другой ступені. Менавіта так ацэнена інструментальна-харэаграфічная кампазіцыя, выкананая творчым аб’яднаннем харэографаў раёна «Каларыт» (балетмайстар Вера Леднік) і інструментальным ансамблем «Ватра» выкладчыкаў Мазалаўскай дзіцячай школы мастацтваў, падчас якой гучаў верш віцебскай паэткі Галіны Сіняковай у выкананні дырэктара раённага Дома культуры Алесі Кісялёвай.

Прыдзвінскі купальскі вянок увасобіў маляўнічую прыроду і багатыя культурныя традыцыі сінявокага краю.

Ніна Сталярэнка
Фота аўтара