На пачатку лета раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма аб’явіла фотапраект «Літаратурны персанаж», прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.
На здымку: «Сымон-музыка» з Доўжы
Праект ставіў мэту прыцягнуць увагу чытачоў да лепшых узораў беларускай мастацкай літаратуры, развіць творчы погляд на твор і літаратурнага героя з дапамогай стварэння арыгінальнага аўтарскага касцюма. Ва ўмовах конкурсу асабліва падкрэслівалася, што літаратурны персанаж павінен быць пазнавальным. Таксама аўтарам неабходна было падабраць цытаты або выказванні, якія характарызуюць прадстаўленага героя.
На здымку: Ганна з рамана «Людзі на балоце» (Скрыдлеўская бібліятэка)
Сельскія бібліятэкі вельмі актыўна акунуліся ў творчы працэс — прадставілі шмат цікавых кампазіцыйна насычаных фотаздымкаў. Складаная задача была выбраць лепшыя. Вось некаторыя з іх: «Несцерка» і беларускі кірмаш, а таксама вобразы нячысцікаў, якія стварылі Мазалаўскія дом культуры і бібліятэка; «Сымон-музыка» (Варонаўская і Даўжанская бібліятэкі); «Паўлінка» (Тулаўская), «Хлопчык і лётчык» (Заронаўская), «Лявоніха на арбіце» (Альгоўская), «Міколка-паравоз» (Сасноўская), вобраз Ганны з рамана І. Мележа «Людзі на балоце» (Скрыдлеўская бібліятэка).
На здымку: «Міколка-паравоз» з Сасноўкі
З лепшых фотаздымкаў супрацоўнікі раённай бібліятэкі аформілі тэматычны буклет пад назвай «І застанецца вечным слова».
Ніна Сталярэнка