Убачыць знакаміты курган Лавачнік, дуб-волат, прайcціся па рэштках брукаванкі часоў Кацярыны II і ўрэшце дакрануцца да вядомай далёка за межамі вёскі Вялікія Лётцы сядзібы вучонага-батаніка Уладзіміра Адамава прапануюць нашчадкі славутага земляка. Мясцовыя краязнаўцы на чале з Міхаілам Дукам некалькі гадоў таму стварылі арыгінальны турыстычны брэнд «Адамаўскі фэст», інтарэс да якога не толькі не страчваецца, наадварот — узрастае.

На здымку: тут, ля былой сядзібы батаніка Адамава, Міхаіл Дук праводзіць заняткі па гісторыі роднага краю

Сёлета ён запрасіў на сустрэчу з мінулым мясцовых жыхароў, дзетак з Вялікалятчанскага дзіцячага дома, а таксама ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і прыроднымі каштоўнасцямі роднага краю. Неабыякавы да сваёй малой радзімы дырэктар Лятчанскай базавай школы Міхаіл Дук. Менавіта ён выступіў у ролі экскурсавода і вельмі цікава вёў аповед пра знакамітага земляка, батаніка Уладзіміра Адамава, не абыходзячы факты і падзеі з жыцця вёскі Вялікія Лётцы.

Госці фэсту, нават тыя, хто чацвёрты год запар далучаюцца да гэтай культурнай падзеі, адкрываюць для сябе нешта новае з жыцця і дзейнасці вучонага, імя якога занесена ў спіс 100 найбольш аўтарытэтных батанікаў таго часу. Пра Уладзіміра Адамава вядома няшмат, але не яго землякам. Міхаіл Дук разам са сваімі аднадумцамі прысвяціў вывучэнню яго біяграфіі шмат часу. Да ўдзельнікаў свята трапляюць самыя цікавыя звесткі. А менавіта тое, што пасля смерці бацькі ў сям’і айчыма Валодзя Адамаў адчуваў сябе няўтульна і пасля заканчэння Пецярбургскага ўніверсітэта пераехаў у бацькоўскі маёнтак пад Віцебскам. Тут ён плённа займаўся навукай. Вялікая дамашняя бібліятэка змяшчала грунтоўныя даследаванні па батаніцы, лекавых раслінах, пчалярстве.

На здымку: былая сядзіба Адамава

— На правым схіле Лятчанскага возера малады гаспадар заклаў цудоўны батанічны сад і некалькі аранжад. Насенне дасылалі сябры вучонага з Пецярбургскага ўніверсітэта, батанічнага сада Расійскай акадэміі навук, устаноў Варшавы, Парыжа, Рыгі. У садзе былі сабраныя расліны Паўночнага паўшар’я і акліматызаваныя віды з Азіі, Заходняй Еўропы і іншых частак свету, калекцыі раслін-альбіносаў. На тэрыторыі райскага кутка была пабудавана цяпліца з 300 відамі экзотаў. Акадэмік вырошчваў больш за 1000 відаў, а таксама арганізаваў для гасцей батанічны музей, — расказвае Міхаіл Дук. — Пасля Першай сусветнай вайны савецкая ўлада вырашыла ўшчыльніць яго маёмасць і зрабіла маёнтак навукоўцы домам для беспрытульнікаў. Адамаў баяўся, што яго шляхетнае паходжанне можа прынесці новыя выпрабаванні і пераехаў у Мінск. Батанічны сад быў перададзены сельскагаспадарчай акадэміі, але ніхто гэтай справай не займаўся і ён хутка прыйшоў у заняпад. Частка яго была перададзена ў Віцебскі батанічны сад. Многае страчана падчас Вялікай Айчыннай вайны.

На малой радзіме імя славутага земляка не забываюць. Нават новаму ўладальніку сядзібы, якую ён набыў праз аўкцыён, паставілі ўмову, што ў адным з пакояў з’явіцца музей Уладзіміра Адамава. Пакуль работы на аб’екце не распачаты, аднак да ўнікальнай спадчыны акадэміка інтарэс не страчаны. Сюды нават водзяць экскурсіі. Асабліва шматлюдна тут у межах правядзення «Адамаўскага фэсту». Вельмі насычаная культурная праграма мерапрыемства. Кожны год ладзяцца дабрачынныя выступленні розных гуртоў. Гэта стала традыцыяй, кажа Міхаіл Дук.

— Усё гэта робіцца з адной мэтай — не страціць сваю спадчыну. Ведаць яе — любіць сваю Радзіму. Кузьма Чорны пісаў: «Дзе прайшло дзяцінства, там і пачынаецца Радзіма». Гэта родныя мясціны, якія заўсёды ў памяці: дом, наша вёска, дарогі з бярозамі і ліпамі, палі і лясы, рэкі і азёры… Нягледзячы на тое, дзе кожны з выхаванцаў дзіцячага дома апынецца пасля закрыцця ўстановы, кожны з іх будзе памятаць пра невялікую вёсачку ў Віцебскім раёне, дзе ён калісьці з цікавасцю зазірнуў у мінулае, даведаўся, як жылі продкі, душой і сэрцам адчуў спадчыну свайго народа, — падкрэсліў Міхаіл Дук.

Пра людзей мы мяркуем па справах, якія яны здзейснілі, па спадчыне, якую яны пакінулі сваім нашчадкам. Краязнаўца ўпэўнены, што сучаснікі павінны ведаць імёны выбітных землякоў, бо такім чынам яны адкрываюць для сябе малую радзіму. Таму Міхаіл Дук з аднадумцамі будзе працягваць сваю справу, бо ўпэўнены, што Віцебскі раён прыцягальны для турыстаў.

— Мы абавязаны захаваць краязнаўчую спадчыну нашых папярэднікаў і, далучыўшы да іх уласныя даследаванні, перадаць веды і мудрасць наступным пакаленням, — лічыць Міхаіл Дук.

У сувязі з гэтым узгадалася выслоўе Максіма Горкага: «Трэба часцей узнімацца на вяршыні мінулага, каб ясней бачыць далі будучыні». Трапна, чаго яшчэ дадаць…

Таццяна Дзіканава
Фота аўтара