Сёлетняе лета — сотае ў жыцці трох бабулек з нашага раёна. Не кожны год у населенных пунктах адзначаецца векавы юбілей, а тут цэлых тры! І гэта не ўсе нашы доўгажыхары — яшчэ тры жанчыны адсвяткавалі стагоддзе ў папярэднія гады.

На здымку: Вольга Іванаўна Селязнёва з унукам Валерыем

Самай старэйшай жыхарцы раёна Вользе Іванаўне Селязнёвай з в. Лучынаўка Варонаўскага сельсавета ў снежні споўніцца 105! На зіму дочкі забіраюць састарэлую маці да сябе ў горад, а на лета разам з ёй вяртаюцца ў родную хату. Бабулька дрэнна бачыць, але, як кажуць, на сваіх нагах. Яшчэ гады два таму корпалася ў градках, вельмі любіла мыцца ў лазні. І зараз акуратна апранаецца, можа за дзень некалькі хустак памяняць. Яна не страціла цікавасць да жыцця —  просіць блізкіх расказаць пра ўсе навіны ў краіне і свеце. Пад настрой можа і песню заспяваць — старадаўнюю, адной ёй вядомую. Для дачок, унукаў, праўнукаў, прапраўнукаў Вольга Іванаўна — беспярэчны аўтарытэт. Яна заўседы ў цэнтры стала, без старэйшыны роду за яго ніхто не садзіцца. Паважлівыя адносіны, любоў блізкіх людзей мацуюць бабулькіны сілы.

Лідзія Захараўна Анучкіна з в. Ляхі Шапечынскага сельсавета крыху маладзейшая. Нарадзілася 7 лістапада за два гады да Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Рана застаўшыся без маці, дапамагала бацьку гадаваць шасцёра малодшых братоў і сястрычак. Усё жыццё пражыла ў вёсцы, што прытулілася да лесу на мяжы з Сенненскім раёнам. Пакуль былі сілы працавала ў мясцовым калгасе.

За два гады да 100-годдзя Лідзія Захараўна страціла зрок. Яе вачамі і рукамі стаў адзіны сын Валера, які дзеля маці памяняў добраўпарадкаваную гарадскую кватэру на лясную глуш. У сувязі з гэтым узгадалася, як у народзе кажуць: «Сынок — не дачушка…». З такім выслоўем можна паспрачацца: розныя ёсць сыны і дочкі. Валерый Аляксеевіч моцную сыноўнюю любоў пацвярджае рэальным паўсядзённым клопатам аб старэнькай маці.

Лёс распарадзіўся так, што свой векавы юбілей у мінулым годзе Таццяна Тарасаўна Вараб’ёва сустракала ў Варонаўскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Жыццё не песціла жанчыну, як, дарэчы, і ўсіх яе равесніц, але доўгажыхарка не ачарсцвела душой. Ціхмяную, незласлівую бабульку паважае ўвесь персанал сацыяльнай установы, якая стала для Таццяны Тарасаўны надзейным прыстанкам.

Сёлета ў красавіку адзначыла стагоддзе Елізавета Пятроўна Маханоўская. Да нядаўняга часу яна пражывала ў аг. Копці і толькі пару год таму пераехала да дачкі ў Віцебск. З паважанай юбіляркай мы знаёмілі нашых чытачоў на старонках газеты. А яшчэ праз месяц, у маі, прымала віншаванні са 100-гадовым юбілеем Яўгенія Мікітаўна Багданава. Усё яе жыццё было звязана з в. Казанова, што ў Бабініцкім сельсавеце. Працавала даяркай у калгасе «40 год Кастрычніка». У першы пасляваенны год пахавала мужа, засталася вернай памяці яму, таму адна выхоўвала дзвюх дачок — Людмілу і Надзею. А цяпер яны ўзялі на сябе клопат пра састарэлую маці, угаварылі яе пераехаць у горад. «Раней на лета прывозілі маму ў вясковую хату, яна вельмі хацела апынуцца ў родных сценах, — расказвае Людміла Яўгенаўна. — Цяпер паслабела, але ўспамінае вёску, суседзяў».

Павіншаваць паважаную юбілярку прыйшла вялікая дэлегацыя: супрацоўнікі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна, аддзялення па грамадзянству і міграцыі РАУС, Бабініцкага сельскага Савета, ВК «Альгоўскае», які стаў пераемнікам калгаса «40 год Кастрычніка». У святочнай абстаноўцы бабулі быў уручаны новы пашпарт, падарункі, гучалі шчырыя пажаданні.

Набліжаецца векавая дата да Марыі Антонаўны Ягоравай з в. Дабрэйка Ноўкінскага сельсавета. Яна будзе прымаць віншаванні ў першы дзень ліпеня. Спадзяёмся далучыцца да іх. Усім нашым доўгажыхаркам хочацца пажадаць светлых дзён у клопаце і павазе.

Ніна Сталярэнка