Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 снежня прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу. Лідары краін ЕАЭС у вузкім і расшыраным фармаце абмеркавалі рэалізацыю лічбавага парадку дня ў арганізацыі, далейшае развіццё інтэграцыйных працэсаў, размеркаванне ўвазных мытных пошлін паміж дзяржавамі, фарміраванне агульнага рынку газу, нафты і нафтапрадуктаў.
Лукашэнка: для ЕАЭС 2018 год стаў неадназначным з пункту гледжання палітыкі і эканомікі
Для Еўразійскага эканамічнага саюза 2018 год стаў неадназначным як з палітычнага, так і з эканамічнага пункту гледжання. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 снежня на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу.
На здымку: удзельнікі саміту ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу (фота — БелТА)
«Сёння мы падводзім вынікі агульнай работы ў фармаце саюза за гэты год і вызначаем арыенціры ўзаемадзеяння на наступны. Што датычыцца перыяду, які завяршаецца, то ён з’яўляецца даволі неадназначным як з палітычнага, так і з эканамічнага пункту гледжання», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Сярод пазітыўных дасягненняў Прэзідэнт адзначыў уступленне ў сілу дагавора аб Мытным кодэксе ЕАЭС, надзяленне Малдовы статусам наглядальніка. Дзяржавы — члены саюза таксама падпісалі часовае пагадненне, якое вядзе да ўтварэння зоны свабоднага гандлю з Іранам, і пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем.
«Беларусь разлічвае, што нормы, замацаваныя ў гэтых дакументах, будуць рэалізаваны ў поўнай меры. Кожны з іх прымаўся з задзелам на будучыню і з разлікам на значны эканамічны эфект», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым ён адзначыў, што існуюць важныя пытанні, якія да гэтага часу застаюцца нявырашанымі.
Ад зняцця бар’ераў да фарміравання агульных рынкаў — Лукашэнка выказаўся аб нявырашаных пытаннях у ЕАЭС
Работа па ўстараненні бар’ераў, выключэнняў і абмежаванняў на рынку ЕАЭС ідзе недапушчальна марудна.
Выступаючы на саміце, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што існуюць некалькі важных пытанняў, якія да гэтага часу застаюцца нявырашанымі ў ЕАЭС. Аляксандр Лукашэнка спыніўся на кожным з іх і прадставіў пазіцыю беларускага боку па іх вырашэнні.
«Я вымушаны пра гэта гаварыць, але буду гаварыць не з пункту гледжання стагнання і рыдання, а з пункту гледжання таго, што мы дамовіліся, але не зрабілі. І з пункту гледжання таго, што наш саюз (на шчасце, я быў ля вытокаў яго стварэння) утвараўся на пэўных свабодах перамяшчэння рабочай сілы, капіталаў, паслуг, тавараў. І самае галоўнае, аб чым мы дамаўляліся, ствараючы нашу адзіную эканоміку, што ўсе суб’екты гаспадарання і нашы людзі будуць мець роўныя ўмовы. Калі такіх роўных умоў няма, то няма і саюза», — адзначыў беларускі лідар.
Устараненне бар’ераў і выключэнняў на рынку ЕАЭС
Прэзідэнт канстатаваў, што ў пачатку 2018 года Расія ў якасці старшыні ў органах ЕАЭС прадоўжыла работу па ўстараненні бар’ераў, выключэнняў і абмежаванняў, якія перашкаджаюць фарміраванню агульнага рынку ЕАЭС. «Гэта сапраўды адна з самых вострых праблем нашага саюза, якая яшчэ некалькі гадоў таму была абазначана беларускім бокам. Аднак гэта пытанне вырашаецца недапушчальна марудна. Больш таго, на змену бар’ерам, якія ўстараняюцца, узводзяцца новыя. І гэта стала практыкай», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што гэта зусім недапушчальная сітуацыя, якая парушае дасягнутыя дамоўленасці. «Як паказала практыка, важна не толькі ўстараняць перашкоды, але і паралельна ствараць умовы, якія выключаюць магчымасць іх паўторнага ўзнікнення. У сувязі з гэтым прапаную прадаставіць нашай Еўразійскай эканамічнай камісіі паўнамоцтвы прымаць рашэнні ў выпадку паўторнага ўвядзення якой-небудзь дзяржавай-удзельніцай абмежаванняў або прадаўжэння ўжо дзеючых», — сказаў ён.
На думку беларускага боку, гэта не закране нацыянальныя інтарэсы дзяржаў, пры гэтым дасць магчымасць выключыць пратэкцыянізм, які наносіць сур’ёзны ўрон інтэграцыйным працэсам. «Усе прысутныя за гэтым сталом на сусветны пратэкцыянізм у гандлі адрэагавалі, абазваўшы яго груба — эканамічныя войны. Дык навошта ў сябе ствараем іх? — спытаў Прэзідэнт. — Трэба таксама павысіць адказнасць прадстаўнікоў выканаўчай улады нашых краін за прыняцце рашэнняў, якія ідуць уразрэз з прынцыпамі, замацаванымі ў нашым дагаворы аб саюзе».
Фарміраванне агульных рынкаў
Беларусь выступае за забеспячэнне ўсёабдымнага і безумоўнага выканання ўсімі дзяржавамі ЕАЭС саюзных норм і ўзятых на сябе абавязацельстваў. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што бакі дамовіліся да 2025 года стварыць агульныя рынкі газу, нафты і нафтапрадуктаў.
«Мы абавязаны выканаць усё ў намечаныя тэрміны і забяспечыць работу саюза ва ўмовах стабільнай і справядлівай паліўна-сыравіннай палітыкі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — У саюзніцкіх адносінах няма інтарэсаў пастаўшчыкоў і спажыўцоў энергарэсурсаў. Ёсць цэласная сістэма — Еўразійскі эканамічны саюз. І пад гэтым мы канцэптуальна і канкрэтна падпісаліся».
Прэзідэнт выказаў салідарнасць з меркаваннем расійскага боку аб важнасці развіцця новых сфер супрацоўніцтва, у тым ліку атамнай энергетыкі і аднаўляльных энергакрыніц. Аднак, заўважыў ён, адсутнасць згоды па прынцыпах фарміравання асноўнага нафтагазавага рынку не дазваляе ЕАЭС прагрэсіраваць больш хуткімі тэмпамі, лічыць беларускі лідар. Вырашэнне гэтага ключавога пытання дасць магчымасць краінам пачаць асваенне і іншых напрамкаў.
Лічбавізацыя эканомікі ў краінах ЕАЭС
Гэта тэма прадметна абмяркоўвалася кіраўнікамі дзяржаў на сустрэчы ў вузкім фармаце. Перад краінамі стаяць амбіцыйныя задачы па пераходзе на сучасныя тэхналогіі і мадэлі вытворчасці. «Ад таго, наколькі зладжана мы зможам аб’ядноўваць патэнцыял нашых дзяржаў праз лічбавыя рашэнні, будзе залежаць эфектыўнасць інтэграцыі і ў цэлым будучыня саюза, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Беларусь гатова да паўнацэннага ўдзелу ў рэалізацыі праектных ініцыятыў лічбавага парадку дня ЕАЭС».
У першую чаргу размова ідзе аб лічбавым гандлі і кааперацыі, электроннай лагістыцы, фарміраванні лічбавых транспартных калідораў, развіцці дакладных тэхналогій у сельскай гаспадарцы і прамысловасці.
«Мы ў Беларусі займаемся лічбавізацыяй вельмі даўно. Зыходзячы з нашага вопыту, павінен сказаць: цяпер модна гаварыць пра лічбавізацыю, развіццё ІТ-тэхналогій. Гэта вельмі важны напрамак, гэта значна актывізуе вытворчасць, скарачае сабекошт. Але гэта, напэўна, 20-25 працэнтаў сённяшняга дня. І, напэўна, доўга так будзе. А 70-75 працэнтаў — гэта тая традыцыйная эканоміка, якая нас сёння корміць. Таму не трэба забываць і пра гэта», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Развіццё касмічных і геаінфармацыйных паслуг
На парадак дня саміту ЕАЭС таксама было ўнесена пытанне аб развіцці кааперацыі ў сферы прадастаўлення касмічных і геаінфармацыйных паслуг на аснове нацыянальных крыніц даных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.
«Рэалізацыя гэтай ініцыятывы з улікам яе высокага мультыплікатыўнага эфекту на развіццё сумежных галін і сектараў надасць магутны імпульс нашаму інавацыйнаму і прамысловаму супрацоўніцтву», — перакананы Прэзідэнт.
Гаворачы пра перспектывы далейшага развіцця ЕАЭС, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што еўразійскае будаўніцтва павінна ахопліваць усё новыя сферы супрацоўніцтва.
«У сувязі з гэтым асабліва важна, каб праз год, а гэта будзе пяць гадоў з дня падпісання Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, мы змаглі ўбачыць канкрэтныя і адчувальныя вынікі нашай работы. Ні ў каго не павінна ўзнікаць сумненняў у тым, што ЕАЭС — гэта эфектыўны сумесны праект, нацэлены на павышэнне ўзроўню эканамічнага дабрабыту ўсіх дзяржаў-членаў», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Лукашэнка і Пуцін на адкрыцці саміту ЕАЭС падыскутавалі наконт цэн на энерганосьбіты
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць таго, каб краіны ЕАЭС ужо на цяперашнім этапе рабілі дзейсныя крокі на шляху да фарміравання паўнацэннага агульнага рынку саюза, у тым ліку ў сферы цэнаўтварэння на энерганосьбіты. Наконт гэтага на адкрыцці пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Санкт-Пецярбургу адбылася дыскусія кіраўніка беларускай дзяржавы і Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Прэзідэнт Беларусі ў час свайго выступлення на адкрыцці саміту акцэнтаваў увагу на неабходнасці прадаўжэння работы па ўстараненні бар’ераў, выключэнняў і абмежаванняў, якія перашкаджаюць паўнацэннаму фарміраванню агульнага рынку ЕАЭС. Ён у тым ліку адзначыў, што адсутнасць згоды па прынцыпах фарміравання асноўнага нафтагазавага рынку не дае магчымасці саюзу прагрэсіраваць больш хуткімі тэмпамі. «Вырашэнне гэтага ключавога пытання дазволіць нам пачаць асваенне і іншых напрамкаў», — падкрэсліў беларускі лідар.
Ён прывёў прыклад, які датычыцца пытання раўнапраўя і роўнасці ў ЕАЭС: «Дзеючы парадак цэнаўтварэння на пастаўляемы ў Беларусь прыродны газ: тарыф, што прымяняецца «Газпрамам» для беларускага боку на транспарціроўку газу з Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі да нашай граніцы складае амаль $3 за 1 тыс. куб. м на 100 км, у той час як унутрырасійскі тарыф — каля $1″.
З улікам гэтых абставін газ на граніцы са Смаленскай вобласцю абыходзіцца Беларусі па цане амаль $130 за 1 тыс. куб. м, а ўстаноўленая аптовая цана для спажыўцоў у Смаленскай вобласці Расіі — $70. Гэта амаль у два разы ніжэй. «Простае пытанне: як канкурыраваць у гэтай сітуацыі?» — спытаў Прэзідэнт Беларусі.
Пасля завяршэння выступлення беларускага лідара слова зноў узяў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. «Вялікі дзякуй, паважаны Аляксандр Рыгоравіч. Калі прэса пакіне залу, мы падыскутуем. Не магу не зрабіць адну рэпліку наконт тарыфаў на газ. У нас выпрацаваны план руху да 2025 года, калі мы павінны ўзгадніць адзіныя рынкі нафты, нафтапрадуктаў і газу. Што датычыцца сённяшняй сітуацыі, то яна заключаецца ў тым, што важны не тарыф, а канчатковая цана газу, у якую ўключаецца гэты тарыф. Тут вы маеце рацыю. Трэба, вядома, аб гэтым думаць», — сказаў ён.
Прэзідэнт Расіі, гаворачы аб цэнаўтварэнні на газ, вырашыў параўнаць суседнюю Беларусь з ФРГ. Паводле яго даных, сёння для Беларусі цана за тысячу кубічных метраў газу складае $129, а ў наступным годзе будзе $127, у той час як у ФРГ- $250. Такую сітуацыю на фоне значна больш нізкай цэны на газ у самой Расіі Уладзімір Пуцін ахарактарызаваў, як «вялікую перавагу для нашых саюзнікаў». Адначасова ён згадзіўся, што бакі павінны імкнуцца да поўнай уніфікацыі. «Для гэтага патрэбны час і іншы ўзровень інтэграцыі паміж нашымі краінамі. Гэта прадмет перагавораў», — заявіў расійскі лідар.
«Вы маеце рацыю, Уладзімір Уладзіміравіч. Але наш галоўны партнёр, на жаль або на шчасце, не ФРГ, а Расійская Федэрацыя. І нашы асноўныя не толькі партнёры, але і канкурэнты — гэта расіяне», — канстатаваў у адказ Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што калі ў Беларусі вырабляецца нейкі тавар, напрыклад, трактары або грузавікі, то ў гэтай прадукцыі вялікая доля камплектуючых менавіта Расійскай Федэрацыі. «Таму галоўны наш партнёр не ФРГ, а Расійская Федэрацыя. І нам трэба, каб былі роўныя ўмовы перш за ўсё ў нашай брацкай Расіі і Беларусі. Вось у чым пытанне», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
«Вы правільна сказалі: мы вызначыліся да 2025 года выйсці на гэты ўзровень. Але ключавое слова — на дадзены момант, каб мы ішлі да гэтага, а не спыніліся. Так, мы будзем яшчэ размаўляць, і ў мяне будзе да вас просьба толькі адна: каб ішлі да гэтага. Калі будзем ісці, дык і пытанняў не будзе. Мы разумеем, што за год гэтага не вырашыць», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Уладзімір Пуцін на гэта сказаў: «Так і будзе. Мы аб гэтым дамовіліся — стварыць дакументы, якія па сутнасці з’яўляюцца планам нашага руху да гэтай мэты, дарожнай картай».
Гаворачы аб перавагах для партнёраў, ён адзначыў, што ў Беларусі і не павінна быць такая ж цана на газ, як для ФРГ. «Калі б Беларусь не мела пераваг, звязаных з інтэграцыяй, а фарміравалі б цану на рыначных прынцыпах, гэта было б не $129 і не $127, а $200», — лічыць Прэзідэнт Расіі.
Аляксандр Лукашэнка ўсумніўся ў гэтых падліках, сказаўшы, што Беларусь мае нават горшыя ўмовы, чым Германія. «Я аб гэтым ужо не аднойчы гаварыў. Быццам ваявалі разам, а нашы людзі, яшчэ не памерлыя пасля вайны, маюць такую сітуацыю», — заўважыў ён. Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што да Германіі яшчэ неабходна прапампаваць газ на вельмі значную адлегласць. «Таму ў іх і цана такая», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
«Давайце мы потым падыскутуем ужо ў закрытым рэжыме. Але вы абсалютна маеце рацыю ў тым, што нам трэба выпрацаваць план руху да адзінага рынку. Мы з гэтым згодны. Мы так і будзем рабіць», — скончыў Уладзімір Пуцін дыскусію, якая праходзіла ў прысутнасці СМІ.
БелТА