Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не бачыць падстаў мяняць існуючы знешнепалітычны курс краіны. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы напярэдадні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы, дзе прысутнічалі міністры замежных спраў, якія ў розны час узначальвалі МЗС Беларусі.

На здымку: Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрамі замежных спраў, якія ў розны час узначальвалі МЗС Беларусі

На здымку: Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрамі замежных спраў, якія ў розны час узначальвалі МЗС Беларусі (фота — БелТА)

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пастаянна павышаецца аўтарытэт і роля Міністэрства замежных спраў, а ў кіраўніцтва знешнепалітычнага ведамства выбудаваны дружалюбныя адносіны з замежнымі калегамі, што пацвярджаецца частымі запрашэннямі на розныя канферэнцыі і міжнародныя мерапрыемствы. «Гэта сведчыць аб тым, што Беларусь пачынае адыгрываць усё большую ролю на міжнароднай арэне. Таму ў гэтай сітуацыі неяк мяняць знешнепалітычны курс я падстаў не бачу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Пашырана кола замежных партнёраў, саюзнікаў, адкрыты перспектыўныя рынкі (вядома, не зусім так, як хацелася б па хуткасці, але тым не менш). Беларуская дыпламатыя выйшла на якасна новы ўзровень. Вы таксама гэта не можаце не заўважыць. На мінскай перагаворнай пляцоўцы абмяркоўваюцца вельмі складаныя рэгіянальныя і глабальныя праблемы», — адзначыў Прэзідэнт.

Ён асабіста цёпла вітаў кожнага ўдзельніка сустрэчы і выказаў меркаванне, што такія сустрэчы з кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў мінулых гадоў могуць стаць добрай традыцыяй. «Наша сустрэча праходзіць напярэдадні 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы. Гэта і прызнанне вашых заслуг. Мы пагаворым сёння, якое ваша меркаванне, ваш пункт гледжання на развіццё Беларусі. Вы — людзі вопытныя», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у фармаце жывой дыскусіі абмяняцца думкамі, як дзейнічаць далей і выбудоўваць збалансаваную знешнюю палітыку.

На сустрэчу былі запрошаны Пётр Краўчанка (узначальваў МЗС у 1991-1994 гадах), Уладзімір Сянько (1994-1997), Іван Антановіч (1997-1998), Урал Латыпаў (1998-2000), Міхаіл Хвастоў (2000-2003), Сяргей Мартынаў (2003-2012), а таксама цяперашні міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

Лукашэнка назваў умовы паглыбленага саюзнага будаўніцтва з Расіяй

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў умовы, на якіх магчыма развіццё саюзнага будаўніцтва з Расіяй, у тым ліку ўвядзенне адзінай валюты, уніфікацыя падатковай і мытнай палітыкі.

«Саюз — калі ласка. Аб’яднанне — калі ласка, але толькі гэта людзі павінны вырашыць, а не мы. Мы не адмаўляемся ні ад аднаго тэзіса. Калі нехта мне пачынае гаварыць пра аб’яднанне, дык зноў жа з даху: давай валюту агульную. Мы не супраць агульнай валюты, але гэта павінна быць агульная валюта, а не валюта Цэнтрабанка Расіі. Павінен быць эмісійны цэнтр, створаны на роўных умовах. Калі вы прыводзіце прыклад ЕС, добра — на прынцыпах Еўрасаюза. Але каб умовы былі роўныя і падыход», — заявіў беларускі лідар.

«Вы хочаце падатковую, мытную палітыку ўніфікаваць? Згодны. Тое ж сказаў мінулы раз: але на лепшых традыцыях і ўмовах, возьмем усё лепшае ў беларусаў і расіян. Але не так: мы — вялікія, вы — малыя, давайце рабіце так, як у нас», — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў некаторых нападках на Беларусь няма ніякіх міждзяржаўных або міжнародных адносін. «Усё ў асобах, усё ў тым, што некаму не падабаецца курс, які Беларусь праводзіць. Нават не знешнепалітычны. А тую эканоміку, якую мы будуем, той сацыяльны ўклад, які мы ствараем на прынцыпах перш за ўсё справядлівасці. Гэты тэзіс я 20 з лішнім гадоў прапаведую. Аказваецца, ён сёння ў Расіі вельмі запатрабаваны. Таму ўсё банальна: камусьці хочацца панізіць градус Беларусі ў Расіі. Вось і пачынаюцца гэтыя нападкі», — адзначыў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што на гэта неабходна рэагаваць спакойна і мэтанакіравана.

«Мы павінны абараніць свой суверэнітэт і незалежнасць. Мы не супраць расіян, палякаў, літоўцаў. Мы хочам быць у любым саюзе, але жыць у сваёй уласнай кватэры. У нас гэта кватэра ёсць. Нашы суседзі, якія б яны ні былі, мы іх не выбіраем, і мы гатовы з усімі будаваць добрыя, цёплыя, узаемавыгадныя адносіны», — запэўніў беларускі лідар.

«Як бы ў нас ні складваліся адносіны з Расіяй, мы ніколі не дазволім, каб у нас у Беларусі на гэтай святой зямлі дрэнна ставіліся да расіян. Не толькі да рускіх. І калі некаму хочацца сутыкнуць нас — не атрымаецца. Мы ведаем, як на гэта рэагаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«На шчасце, ужо не толькі першы, другі, трэці каналы трансліруюцца на ўсю Расію. Але ёсць і інтэрнэт. І мы свой пункт гледжання заўсёды давядзём да рускага чалавека. Да расіяніна наогул», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка не лічыць цяперашні момант адносін з Расіяй нейкім крытычным або вострым. «Проста павінен сказаць, што там з’явіліся… Не з’явіліся, а і былыя кіраўнікі, якія даўно працуюць, яны занялі пэўную пазіцыю націску нават на ўласнага Прэзідэнта Пуціна. Думаю, гэта ж не хлопчык, у палітыцы не навічок. І па сустрэчах з ім бачу, что чалавек нацэлены на тое, каб мы ні ў якім разе не разарвалі адносіны Беларусі і Расіі, — сказаў Прэзідэнт. — Гэта вельмі нявыгадна. Для яго як палітыка, а для мяне тым больш. Таму што мы заўсёды з вамі праводзілі, можна сказаць, прарасійскі курс. Прапаведуючы шматвектарную знешнюю палітыку, мы заўсёды Расію вызначалі не проста як нашага галоўнага партнёра, а як самую блізкую, брацкую дзяржаву, дзе жывуць проста нашы людзі. Так і будзе».

«Няўжо каму-небудзь у Расіі Украіны не хапае» — Лукашэнка асудзіў спробы сутыкнуць беларусаў з расіянамі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены ў тым, што сутыкнуць беларусаў і расіян не атрымаецца, нягледзячы на асобныя спробы ў гэтым напрамку.

«Апошнім часам (вы, напэўна, чуеце) і мяне, і асабліва Уладзіміра Уладзіміравіча (міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. — Заўвага БЕЛТА) абвінавачваюць не ў тым курсе, які мы праводзім у знешняй палітыцы. Нашы браты расіяне гавораць, што мы ўжо занадта празаходнія. На Захадзе нас крытыкуюць за залішняе нахіленне ў бок Расійскай Федэрацыі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка расказаў аб тым, што яго асабліва трывожыць, і, паводле яго слоў, справа не ў падатковым манеўры, які праводзіцца ў нафтавай сферы Расіі. «Перажывём мы яго. Мне не зусім зразумела (думаю, трэба будзе задаць пытанні кіраўніцтву Расіі) такая атака на Беларусь у СМІ. Няхай навобмацак пакуль, але тыпу таго: «Бацька-1», «Бацька-2», «Бацька-3″… Але калі тады яны ў мяне хацелі знайсці нейкія грошы і забраць. Няхай знойдуць і забяруць. Я абсалютна чысты і сумленны перад вамі. Насцярожвае тое, што яны спрабуюць нас ужо сутыкнуць з рускімі», — заявіў Прэзідэнт.

У гэтых адносінах кіраўнік дзяржавы згадаў выпадак, які быў агучаны ў інтэрнэце, а потым выкарыстаны ў расійскіх СМІ ў якасці спробы праілюстраваць нападкі на рускіх людзей у Беларусі. «Вы ведаеце ў інтэрнэце гэты выпадак, калі хтосьці ў метро ўчыніў канфлікт з нейкім чалавекам, і ўсё гэта хуценька было паднесена (як быццам з Расіі заказалі) як тое, што ў нас ажыццяўляюцца нападкі на рускіх людзей. Калі я прачытаў гэта, неадкладна даручыў разабрацца. Я разумею, што ўсялякія могуць быць выпадкі. Аказваецца, там рускімі, як яны кажуць, і не пахла. Гэта канфлікт двух беларусаў. Прытым ён хутка быў зняты на відэа (цяпер гэта проста робіцца) і ўкінуты ў інтэрнэт. І яны (расійскія СМІ. — Заўвага БЕЛТА) за гэта ўхапіліся. Аказваецца, адзін беларус, які некалі быў асуджаны (супрацоўнік АМАПа, за хабар быў пасаджаны, выйшаў з турмы). Другі быў таксама беларус. І завязалася бойка. Прычым тут рускія?!» — расказаў падрабязнасці здарэння Аляксандр Лукашэнка.

«Я гэта кажу для таго, каб вы разумелі маю пазіцыю: нас не ўдасца сутыкнуць — беларусаў з расіянамі. Не толькі з рускімі. Наогул з расіянамі. Гэта не той шлях, каб неяк атрымаць у Расіі каму-небудзь ад гэтага дывідэнды. Не атрымаецца. Я ўжо груба гаварыў некалі: мы самі рускія, нас немагчыма сутыкнуць адзін з адным, беларус — гэта рускі са знакам якасці (я яшчэ 20 з нечым гадоў таму сказаў). На гэтай тэме паіграць — вельмі небяспечна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Я часам задаю гэта пытанне сам сабе, але сёння скажу публічна: няўжо камусьці ў Расіі Украіны не хапае? Няўжо трэба абавязкова стварыць праблему на роўным месцы? Ну няма ў вас магчымасці кампенсаваць нам страты ад гэтага падатковага манеўру. Гасподзь з вамі. Мы ж у вас не адбіраем ваш тавар. Гандлюеце вы нафтай, газам, якія Гасподзь туды паклаў у нетры, і свідравіны мы бурылі ў свой час. Уладзіміру Уладзіміравічу (Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну. — Заўвага БЕЛТА) аб гэтым гаварыў на апошняй сустрэчы. Кажу: Не забывай, у тыя савецкія часы, калі мы пад стол з табой хадзілі, адсюль (з Беларусі. — Заўвага БЕЛТА) ляталі чартары, і вахтавым метадам бурылі свідравіны — нафтавыя і газавыя. І яны сёння яшчэ працуюць», — заявіў беларускі лідар.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь не просіць грошай, а настойвае на роўных умовах.

«Мы можам іх (грошы. — Заўвага БЕЛТА) зарабіць. Калі мы стварылі агульны рынак, мы, невялікая краіна, і гігант Расія. Вы што, баіцеся канкурэнцыі? Давайце на гэтым рынку канкурыраваць. Не — трэба палкі ў колы. Па-другое, усе дагаворы, якія мы падпісвалі… Мы што патрабавалі — роўных умоў. Дзе гэтыя роўныя ўмовы? Вось адзінае, што мы патрабуем. На іх прынцыпах канкурэнцыя. Яны (расійскі бок. — Заўвага БЕЛТА) больш прасунутыя. І роўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання і людзей. І мы сваё шчасце будзем шукаць на роўных умовах», — сказаў Прэзідэнт.

Што датычыцца спроб сутыкнуць беларусаў з расіянамі, Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што гэта недапушчальна і можа прывесці да эскалацыі сітуацыі. «Калі толькі гэта тэма становіцца актуальнай, асабліва ў расійскіх СМІ, то заўтра нават калі ў Беларусі не будзе адмарозкаў, якія будуць біць рускіх, нам іх падкінуць. Вы ведаеце — з любой краіны нам іх падкінуць, каб гэтыя відэа ўвесь час былі ў інтэрнэце. А яны з інтэрнэту, не разабраўшыся, будуць укідваць на асноўныя каналы ў Расіі. Вось у чым небяспека — эскалацыі гэтага працэсу», — лічыць кіраўнік дзяржавы.

«Гэта не пройдзе ў Беларусі, не атрымаецца. А калі, не дай бог, такія факты будуць, вельмі жорсткая будзе рэакцыя. Праваахоўныя органы атрымалі адпаведнае ўказанне спыняць такія рэчы самым жорсткім чынам і разбірацца», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка адказаў на папрокі ў тым, што Беларусь запраўляе ўкраінскія танкі

«Апошнім часам нас пачалі папракаць, што мы запраўляем танкі (украінскія. — Заўвага БЕЛТА) дызельным палівам. Я даручыў разабрацца, якое там дызельнае паліва. Калі мне далажылі (я толькі што даведку другі раз прачытаў), там жа ўсё дызельнае паліва расійскае. І расіяне пастаўляюць, пастаянна нарошчваючы аб’ёмы гэтых паставак — бензінаў і дызельнага паліва — ва Украіну. Дык як жа так? Мы ваюем з Украінай ці Расія? І хто запраўляе гэтыя танкі? А нашы аб’ёмы зніжаюцца. Нас проста выштурхоўваюць з украінскага рынку. І не толькі па нафтапрадуктах. Гэтак жа таксама па ўгнаеннях і іншых пазіцыях. Ідзе канкурэнцыя. А нас пачынаюць у гэтым папракаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на папрокі аб тым, што з Украіны цераз Беларусь нібыта ідуць санкцыйныя тавары. Ён падкрэсліў, што гэта мізэрныя аб’ёмы, і ў любым выпадку размова ідзе аб змыканні ўкраінскіх і расійскіх пастаўшчыкоў пры спрыянні мытні і іншых службаў Расійкай Федэрацыі. «Беларусамі і не пахне там. Калі беларусы і патрэбны, то нейкую прыватную структуру могуць падцягнуць да гэтага, каб падказалі, як лепш праехаць па Беларусі», — адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, ён расказаў, што яму пастаянна дакладваюць аб масіраваным прытоку зброі з Украіны. «І што самае страшнае (нас расіяне іншым разам папракаюць: вось, у вас там цераз граніцу…), цераз расійскую граніцу (з Украінай. — Заўвага БЕЛТА) ідуць, а потым да нас заходзяць праз адкрытую беларуска-расійскую граніцу, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — Зразумела, гэта камусьці патрэбна. Проста так жа везці не будуць з рызыкай. Яна ж некаму тут трэба. І мы ўжо бачылі, каму яна трэба была».

Лукашэнка: палаючы ва Украіне пажар не павінен перакінуцца на Беларусь

«Усе хочуць пагрэць рукі на Украіне. І пажар, які там палае сёння (ён невядома, чым скончыцца), не павінен перакінуцца на Беларусь. Таму нам трэба тысячу разоў быць асцярожнымі, акуратнымі і ні ў якім разе не дапусціць унутранай дэстабілізацыі ў краіне. Відаць, пераважная большасць нашага насельніцтва і нават пераважная большасць нашай так званай апазіцыі разумеюць, што гэта можа скончыцца вельмі дрэнна», — заявіў беларускі лідар.

Што датычыцца намаганняў і ролі непасрэдна Беларусі ў напрамку мірнага вырашэння канфлікту ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аб гэтым не трэба шмат гаварыць. «Бяда ў нашых родных людзей. Прытым не мы ж былі ініцыятарамі гэтай пляцоўкі. Ініцыятарам была спадарыня Меркель. Гэта яна прапанавала сустрэцца ў Мінску. Я быў у Сочы разам з Пуціным, перагаворы праводзіў у гэты час. І я ў той жа дзень паехаў, каб заўтра арганізаваць сустрэчу», — сказаў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ў выніку ўкраінскага канфлікту Беларусь сутыкнулася з патокам бежанцаў і перасяленцаў у колькасці амаль 150 тыс. чалавек. Частка з іх ужо вярнуліся ва Украіну, а большасць засталіся ў Беларусі і ім прадастаўлены роўныя правы, адзначыў Прэзідэнт.

«Нам хапіла ад Украіны, і ці тое яшчэ будзе. Таму мы ўвязаны ў гэты канфлікт, можна сказаць, па вушы. Будзе дрэнна, калі канфлікт зацягнецца. Зыходзячы з гэтых прагматычных мэт, мы проста займаем пэўную пазіцыю па ўкраінскім пытанні», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы назваў і іншыя прычыны, па якіх бакам трэба прыкласці максімальныя намаганні для хутчэйшага ўрэгулявання сітуацыі.

«Ёсць праблемы. Яны могуць быць яшчэ большыя. І адыходзіць ад гэтага пытання мы проста не маем ніякіх падстаў», — упэўнены ён.

Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці канстатаваў, што Еўропа нібыта заклапацілася падзеямі ў гэтым рэгіёне, увязаны ў канфлікт і ЗША. «Я ўжо часта і публічна гавару: слухайце, такога падарунка, які мы паднеслі ў выглядзе Украіны Захаду і перш за ўсё Амерыцы, і не снілася. Першы падарунак — развал Савецкага Саюза. Другі — Украіна. Чаго сёння амерыканцаў папракаць? І не дай бог там будуць пастаўлены ракеты меншай і сярэдняй далёкасці (чаму цяпер гэты дагавор перакрэслілі фактычна). Да Урала абстрэльваецца поўнасцю малымі ракетамі ўся Расія. Дык трэба і ў выніку гэтага закрываць гэту праблему», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што трэба баяцца нават не таго, што на тэрыторыі Украіны будзе НАТА: «Там дастаткова людзей ва Украіне, якія будуць у дзесяць разоў горшыя за НАТА. Мы будзем маліцца некалі, каб там НАТА было, а не людзі, якія сёння са стрэльбамі ходзяць. І я таксама кіраўніцтву Расіі давёў гэту пазіцыю. Гэта таксама трэба разумець і бачыць».

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што кожны на фоне канфлікту ва Украіне дбае аб сваіх мэтах. У бакоў часам няма жадання зноў сабрацца і абмеркаваць праблемы бяспекі ў рэгіёне. «Нядаўна на Мюнхенскай сустрэчы і наогул, сустракаючыся з амерыканцамі, еўрапейцамі — яны ўсюды гавораць, што хочуць міру ва Украіне, каб у Еўропе быў парадак. Я гавару: слухайце, давайце хоць збяромся ў рамках АБСЕ, абмяркуем праблемы. Не, не хочацца. У кожнага свае мэты», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аналагічна і з ініцыятывай аб правядзенні новага міжнароднага перагаворнага працэсу Хельсінкі-2. «Мне намякаюць у Еўропе, што не трэба гэта ініцыіраваць, гэта немагчыма, не трэба цяпер. Зразумела. Вось пазіцыя Еўропы. Ім гэта не патрэбна. Хоць і тая ж Меркель, і іншыя, і былы прэзідэнт Францыі, можа, і цяперашні разумеюць, што гэта ж у нашым доме пажар. Гэта ж запалае. Сёння ўжо ўцягнуты ў гэты канфлікт і Польшча (не толькі па нацыянальнай прыкмеце), і Венгрыя. Далей будзе горш. Трэба тушыць гэты пажар. Не — нейкая гульня…», — ахарактарызаваў сітуацыю кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што калі толькі пачаўся канфлікт ва Украіне, беларускі бок прапанаваў пэўны план яго вырашэння, аднак ён не быў прыняты. «Калі пачаўся канфлікт, пазванілі мне палякі адразу. Я гавару: добра, калі вас цікавіць план «дыктатара», мы можам прапанаваць. І ім сказаў: калі вы не прымеце гэты план, я буду лічыць, што вам не трэба нармалізацыя ва Украіне. Туск са мной згадзіўся. Яны не прынялі гэты план. І цяпер сарамліва хаваюць вочы», — расказаў Прэзідэнт.

Сустрэча Лукашэнкі з кіраўнікамі МЗС перыяду суверэннай Беларусі важная ў кантэксце пераемнасці знешняй палітыкі — Макей

Аб гэтым заявіў журналістам кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей.

Ён адзначыў, што гісторыя любой дзяржавы пішацца на дасягненнях папярэдніх пакаленняў. Гэтак жа гісторыя нашай дзяржавы, карціна сучаснай Беларусі была б немагчыма без таго ўкладу, што ўнеслі ўсе папярэднія пакаленні. «І гэта таксама датычыцца знешняй палітыкі. Тое, што сёння Прэзідэнт сабраў усіх міністраў замежных спраў перыяду незалежнай Беларусі, — гэта знамянальны факт і знамянальная падзея, асабліва напярэдадні святкавання 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы», — сказаў міністр.

«Калі б мы не абапіраліся на тыя вынікі, якія былі дасягнуты ў сферы знешняй палітыкі, то сёння не мелі б таго аўтарытэту, такіх дасягненняў у сферы знешнеэканамічнай дзейнасці — без укладу папярэдніх супрацоўнікаў МЗС і міністраў замежных спраў. Таму такая сустрэча — важная падзея ў кантэксце пераемнасці знешняй палітыкі», — падкрэсліў Уладзімір Макей.

«Прэзідэнт рэгулярна цікавіцца меркаваннем маіх калег наконт тых або іншых крокаў, якія мы робім на міжнароднай арэне, — дадаў Уладзімір Макей. — Я пастаянна сустракаюся з калегамі ў рамках розных падзей або юбілеяў у МЗС або на мерапрыемствах дзяржаўнага маштабу».

Ён таксама адзначыў, што створана і эфектыўна працуе Асацыяцыя ветэранаў МЗС, у рамках якой праходзяць рэгулярныя сустрэчы і абмен меркаваннямі па розных пытаннях.

БелТА