Люты насычаны падзеямі, тэматыку якіх адлюстроўваюць назвы мерапрыемстваў: «У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу», «Юныя абаронцы Радзімы», «Вехі гісторыі» і іншыя.
На здымку: генерал-палкоўнік у адстаўцы, ганаровы прадстаўнік ГА «Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў» Пётр Чаус, дырэктар кадэцкага вучылішча Сяргей Лагвіненка, педагог-арганізатар Юрый Грыгароўскі з камандай «Шчыт Айчыны».
Шэраг акцый, сустрэч, конкурсаў адкрывае інфармацыйная гадзіна, на якой навучэнцы ўзгадваюць пра першую спробу вызвалення Лужасна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У выніку Маскоўскай наступальнай аперацыі 3 лютага 1942 года 249-я стралковая дывізія Г. Ф. Тарасава вызваліла вёску і падышла на 4 км да Віцебска. Нягледзячы на тое, што чырвонаармейцам прыйшлося адступіць да г. п. Сураж, вызваленне адыграла важную ролю ў разгортванні масавага партызанскага руху.
Прагляд кінафільмаў, сярод якіх «У жніўні 44-га», «Брэсцкая крэпасць», «Т-34» і іншыя, пашырае веды вучняў у галіне ваеннай гісторыі дзяржавы.
Сёлета ў Дзень юнага героя-антыфашыста ў в. Лужасна была адкрыта мемарыяльна-інфармацыйная шыльда ў памяць існавання тут нямецкага канцэнтрацыйнага лагера. З лета 1941-га па зіму 1942 года месца зняволення лічылася лагерам для савецкіх ваеннапалонных. Голад, холад, адсутнасць медыцынскай дапамогі, знясільваючая праца прывялі да таго, што значная колькасць іх памерла. Потым у лагеры ўтрымлівалі мірных жыхароў, якіх вывозілі з партызанскай зоны ў час правядзення карных экспедыцый. Пазней частку вязняў накіравалі ў канцлагер «Пяты полк», частку ўгналі на прымусовыя работы ў Германію, некаторых пакінулі ў Лужасне працаваць на немцаў. Сваякоў партызан і тых, каго падазравалі ў дапамозе народным мсціўцам, расстралялі на беразе ракі Лужаснянкі. Пачынаючы з сакавіка 1943-га, год тут дзейнічаў нямецкі лагер на пярэднім краі абароны. Фашысты закатавалі ў ім больш за 500 чалавек. У памяць ахвяр непадалёк ад дарогі ст. Лужасна — Руба ўстаноўлены абеліск.
На здымку: Валянціна Дробышава з кадэтамі
Мемарыяльна-інфармацыйную шыльду зрабілі кадэты. Побач з ёй размясцілі таблічку з QR-кодам, які дазваляе перайсці на старонку з больш поўнай інфармацыяй і ілюстрацыямі. На адкрыцці шыльды прысутнічала апошняя з жывых вязняў гэтага лагера, жыхарка в. Лужасна Валянціна Антонаўна Дробышава.
Паспяхова прынялі ўдзел нашы навучэнцы ў IV рэспубліканскай кадэцкай інтэлектуальна-творчай алімпіядзе «Патрыёт», прысвечанай 25-годдзю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая прайшла на базе Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Каманда Віцебскага кадэцкага вучылішча «Шчыт Айчыны» заняла першае месца, дарэчы, стала пераможцай чацвёрты год запар! Вялікая заслуга ў гэтым кіраўнікоў каманды: выдатніка адукацыі, тройчы лаўрэата прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, настаўніка грамадазнаўства Аляксандра Афанасьевіча Грыгор’ева і педагога-арганізатара вучылішча Юрыя Уладзіміравіча Грыгароўскага.
Сёння кадэты адстойваюць гонар вобласці на рэспубліканскім этапе конкурсу работ даследчага характару «Эўрыка», на які прадставілі даследаванне, прысвечанае дасягненням і праблемам па ўвекавечанні падзей Вялікай Айчыннай вайны на Віцебшчыне.
Ужо са студзеня рыхтуюцца кадэты да XIX фестывалю інсцэніраванай патрыятычнай песні, прысвечанага памяці воіна-інтэрнацыяналіста Леаніда Бяліцкага, які пройдзе ў апошні дзень лютага. Традыцыйна са сцэны прагучаць песні высокага напалу аб мужнасці, братэрстве, каханні; пра тых, хто змагаўся за Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны і праліваў кроў на зямлі Афганістана. Выступаць будуць салісты, вакальныя групы і цэлыя ўзводы. Звычайна выступленні суправаджаюцца харэаграфічнымі кампазіцыямі, касцюміраванымі інсцэніроўкамі, прэзентацыямі і відэакліпамі.
На працягу ўсяго лютага мы ўспамінаем тых, дзякуючы каму жывём пад мірным небам, можам вучыцца, тварыць і сябраваць.
А. Мельнікаў, віцэ-сяржант узвода 11 «В» класа