Месяц таму ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылася прэзентацыя навукова-папулярнага выдання «Забава. Народная цацка і лялька Віцебшчыны». У раздзеле «Керамічная цацка і свістулька» старонка адведзена майстру-метадысту раённага цэнтра «Адраджэнне» Алесі Сарбаш.
На здымку: Алеся Сарбаш
Гэта той выпадак, калі захапленне перарасло ў спецыяльнасць «мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва», якую Алеся атрымала ў Віцебскім вышэйшым прафесійным вучылішчы народных рамёстваў. Майстар-метадыст стварае дробную пластыку на гістарычныя і этнаграфічныя сюжэты, у прыватнасці, займаецца адраджэннем розных спосабаў вырабу свістулек. Яна выпрацавала ўласны стыль, дзе відавочнае імкненне наблізіцца да народнай традыцыі. Алеся Леанідаўна зрабіла рэканструкцыю антрапаморфнай свістулькі XVII стагоддзя, знойдзенай у час раскопак у Віцебску, паводле публікацый Міхася Ржавуцкага.
Сарбаш з’яўляецца ўдзельніцай і дыпламантам свята конкурсу свістулькі «Салавейка» ў межах міжнароднага фестывалю песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» (2017, 2018 гг.), міжнароднага конкурсу майстроў па кераміцы і ганчарстве «Гліна спявае» ў межах фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» (2018 г.).
Свой вопыт і любоў да народнай творчасці Алеся Леанідаўна перадае дзецям, яна вядзе заняткі ў аматарскім аб’яднанні «Гліняныя скарбы» цэнтра рамёстваў «Адраджэнне». Часцей за ўсё свістулькі зроблены ў выглядзе хатніх і дзікіх жывёл і птушак. Нягледзячы на падобныя асновы цацак, кожную істоту можна пазнаць па характэрных асаблівасцях: крутая шыя з грывай — у каня, закручаный рогі — ў барана, грэбень з «бародкай» — у пеўня і г. д. Выхаванцы Сарбаш у мінулым годзе прымалі ўдзел у выставах пад назвамі «У нас адзіная планета, у нас адзіная сям’я», «Велікодны сувенір», «Усякая справа чалавекам славіцца» і іншых. Апрача керамікі, майстрыха захапляецца вязаннем, шыццём з лапікаў тканіны і іншымі відамі творчасці.
Кніга будзе карыснай краязнаўцам, этнографам, майстрам і аматарам народнай творчасці — усім, хто цікавіцца гісторыяй і традыцыйнай культурай.
Ніна Сталярэнка