У жыцці кожнага чалавека ёсць святочныя падзеі, падчас якіх члены ўсёй сям’і збіраюцца за адным сталом. Але не ў кожнай з іх прафесійнае свята становіцца сямейным і род, дзе дзеці выбіраюць спецыяльнасць сваіх бацькоў, называюць дынастыяй.
На снімке: Таццяна і Вікторыя Кірпічэнка
Працоўныя дынастыі ёсць паўсюдна: у сельскай гаспадарцы, адукацыі, медыцыне… І сфера культуры не выключэнне. У Віцебскім раёне існуе шэраг такіх дынастый, якія з’яўляюцца гонарам краю. Так, амаль 90 год складае агульны працоўны стаж сям’і Вашчанка з аграгарадка Вароны. Яе старэйшыя прадстаўнікі — Людміла Мікалаеўна і Аляксандр Васільевіч пазнаёміліся ў Яроміне больш за 40 гадоў таму назад, калі хлопец прыехаў у мясцовы сельскі клуб на практыку. Прайшоў час, сыгралі вяселле, у маладой сям’і з’явіліся дачка і сын, які працягнуў справу сваіх бацькоў. І сёння, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Людміла Мікалаеўна працуе вартаўніком у Варонаўскім сельскім доме культуры.
На слыху ў жыхароў Прыдзвінскага краю сямейныя дынастыі культработнікаў Хачапурыдзе з Альгова (агульны працоўны стаж больш за 75 год), Таццяны і Вікторыі Кірпічэнка з Ноўкі (агульны стаж больш за 55 год), Людмілы Каральковай і Марыны Яско з Тулава (больш за 45 год). Старэйшыя прадстаўнікі названых дынастый з’яўляюцца ветэранамі працы, сёння сустракаюць прафесійнае свята ў якасці кіраўнікоў калектываў мастацкай творчасці, а Вікторыя Анатольеўна і Марына Валер’еўна знаходзяцца на пасадзе намеснікаў дырэктароў раённых устаноў культуры.
На здымку: Таццяна і Вікторыя Кірпічэнка
Нельга не ўзгадаць пра дынастыю Лапіных-Дармастук з вёскі Васількі, прадстаўнікі якой у 1985 годзе прыехалі ў Беларусь з Таджыкістана. Агульны стаж сям’і на ніве культуры ў раёне налічвае больш за паўвека. Мухаббат Муртазаеўна адразу па прыездзе ўзначаліла Васількоўскі сельскі клуб, доўга працавала загадчыкам, затым перадала працоўную эстафету дачцэ Аксане Уладзіміраўне. Сёння апошняя павышае сваю кваліфікацыю ў ВДУ імя П.М. Машэрава.
Хочацца ўсіх служыцеляў культурнай нівы павіншаваць з прафесійным святам і пажадаць заўсёды быць у цудоўным настроі і ствараць такі ж для людзей.
Андрэй Струнчанка