Каля 130 вучняў з Віцебска, Наваполацка, Оршы, Мінска, Маладзечна сабраліся ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва, каб абмеркаваць найбольш актуальныя пытанні ў галіне культуры і прапанаваць свае варыянты іх вырашэння. 

Школьнікам дэманстравалі ролікі вядомых спікераў, прысвечаныя масштабным праектам у музейнай справе, дызайне і архітэктуры. Пасля гэтага ўдзельнікі падзяліліся на каманды і пад кіраўніцтвам ментараў – студэнтаў з кафедры беларускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта – дыскутавалі аб тым, як можна было б вырашыць падобныя пытанні ў Беларусі, а потым прэзентавалі свае прапановы перад аўдыторыяй.

Першае разгледжанае ўдзельнікамі пытанне: як зрабіць так, каб сучасная моладзь больш хадзіла ў музеі? Старшакласнікі прапанавалі інтэграваць музеі ў інтэрнэт і сацыяльныя сеткі (Instagram, YouTube, Like, Tik-Tok), стварыць зручныя мабільныя дадаткі, увогуле зрабіць музеі больш інтэрактыўнымі і арыентаванымі на моладзь.

Другое пытанне, якое абмяркоўвалі ўдзельнікі крэатона – якія ідэі дапамогуць стварыць вобраз крэатыўнага горада? Сярод агучаных школьнікамі ідэй – распрацоўка захапляльных віртуальных экскурсій, стварэнне тэматычных графіці, грамадскіх бібліятэк, раёнаў і вуліц, якія адлюстроўваць пэўныя эпохі альбо прысвечаны вядомым беларусам.

Крэатон прайшоў у творчай атмасферы. Падлеткі пад кіраўніцтвам ментараў актыўна абмяркоўвалі пытанні, дзяліліся сваім бачаннем узнятых тэм і прапаноўвалі іх нестандартнае вырашэнне. Кожная каманда імкнулася прапанаваць штосьці крэатыўнае і арыгінальнае. 

Усе прапанаваныя ідэі разглядалі мясцовыя эксперты па вызначаных тэмах, прадстаўнікі кампаніі А1 і акадэмічнай супольнасці. Эксперты звярталі ўвагу на крэатыўнасць і навізну прапаноў, арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння пастаўленых пытанняў, рэалістычнасць задум і магчымасць іх увасаблення, а таксама паспяховасць прэзентацыі. Каманды, якія прапанавалі самыя ўдалыя і цікавыя ідэі, атрымалі падарункі, а ўсе выступоўцы – карысныя парады ды каментары ад экспертаў.

Крэатон у Віцебску адбыўся ў рамках сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Падобныя крэатоны пройдуць 1 лютага ў Магілёве («Першыя ідэі: інклюзія»), 15 лютага ў Гродне («Першыя ідэі: тэхналогіі»)  і 29 лютага ў Гомелі («Першыя ідэі: экалогія»). Да кожнага мерапрыемства будуць выходзіць эпізоды падкаста «Першыя», гаворка ў якіх пойдзе пра дзейнасць у галіне тэхналогій, экалогіі і інклюзіі.

«Першыя» – гэта рэспубліканскі конкурс ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей да лепшага. Збор заявак яшчэ працягваецца, і прапанаваць сваю задуму да 8 сакавіка могуць вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Кожны ўдзельнік конкурсу цягам навучальнага года распрацоўвае сваю ідэю, а для ўдзелу ў фінале будуць адабраныя дзесяць старшакласнікаў. Кожны з іх атрымае прыз – iPhoneXs, а таксама пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыіі TEDxYouth@Minsk.