Кожнаму чалавеку прыемна, калі яго працу заўважаюць, калі цэняць і паважаюць калегі, падтрымлівае кіраўніцтва. Але, напэўна, не за гэта любіць сваю прафесію настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Сінкевіч (на здымку).
Любіць хутчэй за тое, што бачыць веды ў дапытлівых вачах сваіх вучняў, радуецца іх поспехам і дасягненням. Яна жыве працай, любіць дзяцей, таму сваю прафесію і сёння лічыць самай лепшай і найгалоўнейшай. Ёй яна прысвяціла больш за 20 гадоў.
Мілагучнасць роднай мовы, багацце і разнастайнасць яе слоўнікавага запасу, прыгажосць і глыбіня літаратурных вобразаў яшчэ з юнацтва захаплялі Ірыну Леанідаўну. Таму яна цвёрда вырашыла, што стане настаўніцай. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Віцебскім дзяржаўным тады яшчэ педінстытуце мена-віта ў гэтым напрамку. І да цяперашняга часу не змяніла свайму выбару. На працягу ўсіх гадоў яна не толькі вучыць, але і вучыцца, знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых метадычных распрацовак вядзення ўрокаў. Але задача педагога не капіраваць тое, што ўжо створана іншымі, а самой выпрацоўваць стыль, методыку падачы і засваення вучэбнага матэрыялу. І гэта дае свае вынікі — Ірына Сінкевіч мае вышэйшую катэгорыю, узначальвае раённае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, удзельніца абласных метадычных саветаў. Яе вучні становяцца прызёрамі раённых і абласных алімпіяд, на экзаменах заўсёды пацвярджваюць свае веды.
А колькі дастойных выпускнікоў выхавала Ірына Леанідаўна! Многія з іх і сёння з цеплынёй успамінаюць настаўніцу як таленавітага, улюбёнага ў сваю працу чалавека. І цяперашнія школьнікі паважаюць яе. Пра сваю настаўніцу гатовы гаварыць бясконца. Галоўнае, дзеці навучыліся ў яе адказнасці за даручаную справу, уменню стрымліваць сябе, паводзіць з людзьмі далікатна і тактоўна, у любой сітуацыі знаходзіць кампраміс, ціха і спакойна вырашаць любыя жыццёвыя праблемы і цяжкасці.
Ірына Леанідаўна — сціплы чалавек, таму лічыць, што сакрэт яе прафесійнага поспеху ў разумных і старанных вучнях. Але хіба толькі ў гэтым? Выхаваць творчую асобу, несумненна, можа толькі творчы чалавек, які ўласным жыццёвым прыкладам паказвае: задумаў пакарыць вышыню — зрабі гэта, настойліва з дня ў дзень, з года ў год працуй над сабой і, нават робячы памылкі, вучыся іх выпраўляць.
Урокі ў Ірыны Леанідаўны праходзяць вельмі цікава. Педагог умела спалучае класічныя і інавацыйныя падыходы да навучання, імкнецца да таго, каб урок стаў працэсам сутворчасці настаўніка і вучня. А калі матэрыял складаны і камусьці цяжка даецца, яна стараецца зацікавіць, «зачапіць» вучняў, прапануючы розныя спосабы ўспрыняцця матэрыялу. Перыядычна праводзіць літаратурныя дэбаты. Гэта не толькі матывуе, але і вучыць дзяцей зносінам.
Настаўніца лічыць, што вучэбны працэс па мове і літаратуры павінен быць узаемазвязаны. Падчас урокаў мовы дзеці вучацца валодаць словам. А вось заняткі літаратуры для іх — гэта магчымасць гаварыць адкрыта, выказваць свой пункт гледжання па розных пытаннях. Такім чынам вучні суадносяць сваё «я» са светам літаратурнага твора, задумваюцца над сваім жыццём, учынкамі. Адно толькі непакоіць настаўніцу: хачацца, каб для мовы і літаратуры знайшлося крыху больш гадзін у школьнай праграме, бо сёння, напрыклад, у 8-9 класах у першым паўгоддзі — 1 гадзіна беларускай мовы ў ты-дзень, у другім — 2. І тое самае па літаратуры.
— Нам, дарослым, неабходна разумець: тое, што мы сёння ўкладваем у нашых дзяцей, — гэта гарантыя нашай будучыні, нашага дабрабыту ў старасці. Сёння няпросты час. Многія бацькі заклапочаны вырашэннем жыццёвых праблем, тым, як зарабіць больш грошай. У гэтым кругавароце дзеці часам застаюцца адны, пра іх забываюць. Такога не павінна быць. Дзеці маюць права на шчаслівае дзяцінства. У той сям’і, дзе павага да чорнага хлеба, раллі, спелых зярнятак, там і павага да роднага слова, свайго радавода, значыць, роднаму слову жыць праз вякі, — падмячае Ірына Леанідаўна. — Нашы дзеці — гэта сельскія школьнікі. — Яны ў нас вельмі актыўныя, цікавыя і працавітыя. Калі нейкае зацішша надыходзіць і на працягу тыдня няма конкурсаў, вучні з надзеяй цікавяцца, калі можна будзе прыняць удзел у якім-небудзь мерапрыемстве. Мяне радуе такое іх стаўленне да школьнага жыцця, цікава працаваць з актыўнымі дзецьмі, таму што я сама заўсёды пры-трымлівалася актыўнай пазіцыі ва ўсім.
Ірына Сінкевіч лічыць, што кожны настаўнік проста абавязаны пастаянна працаваць над сабой: выкарыстоўваць у працы вучэбна-метадычныя комплексы, ісці ў нагу з часам, не стаяць на месцы. Гэта вельмі важна. А яшчэ трэба любіць дзяцей шчырай любоўю, бо яны вельмі востра адчуваюць фальш, шанаваць кожнае іх намаганне і радавацца кожнаму поспеху.
Вольга МЫСЛІЦКАЯ
Фота аўтара