Каля пешаходнага маста 1000-годдзя Віцебсказавяршаецца ўсталёўка скульптур-літар, якія разам утвараюць слова «МОВА». Гэта чацвёрты з серыі такіх арт-аб’ектаў, што дзякуючы кампаніі А1 і праекту «Веліч роднай мовы» з’явяцца ў шасці найбуйнейшых гарадах Беларусі.IMG_4604

Галоўная адметнасць кожнай з арт-інсталяцый– у колерах, якія па задуме аўтара, вядомага беларускага скульптара Паўла Вайніцкага, адмыслова падбіраліся так, каб паказаць праз іх гістарычныя і прыродныя асаблівасці ўсіх рэгіёнаў краіны. Для Віцебска гэта спалучэнне жоўтага, сіняга, тэракотавага, чырвонага і чорнага. У ім лёгка пазнаюцца колеры супрэматызму – мастацкага кірунку, заснаванага адным з найвядомейшых творцаў XX стагоддзя Казімірам Малевічам. Менавіта ў Віцебску роўна сто гадоў таму ён сабраў вакол сябе аднадумцаў і ўтварыў аб’яднаннеУНОВІС, цяпер вядомае ва ўсім свеце.

«Праекты па падтрымцы беларускай мовы і тэм, звязаных з пытаннямі нацыянальнай ідэнтычнасці, – адзін з галоўных кірункаў дзейнасці А1. Мы спадзяемся, што арт-інсталяцыі будуць папулярнымі месцамі адпачынку і нагадаюць пра тое, чым можа ганарыцца кожны беларус. Віцебск вядомы ва ўсім свеце як цэнтр авангарднага мастацтва дзякуючы аб’яднанню УНОВІС. Вяртанню на гістарычную радзіму імёнаў і работ яго мастакоў прысвечаны асобны праект #UNOVIS100, у рэалізацыі якога актыўны ўдзел прымае кампанія А1. Мы вельмі рады, што цяпер ужо праз арт-аб’ект «МОВА» адбываецца яшчэ і сімвалічнае вяртанне колераў, што ўпрыгожвалі віцебскія вуліцы, будынкі і трамваі ў 1920-я гады», – адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі А1 Мікалай Брэдзелеў.

У хуткім часе побач з інсталяцыяй таксама плануецца стварыць сетку бясплатнага Wi-Fi ад А1.

«Гэты праект арганічна ўпісаўся ў культурныя падзеі, якія адбываюцца ў Віцебску і ў Беларусі апошнім часам: святкаванне 100-гадовага юбілея УНОВІС, шматлікія выставы, акцыі, перформансы. Выявілася, што гэта тэма вельмі важная і, самае галоўнае, актуальная не толькі для спецыялістаў, але і для шматлікіх аматараў мастацтва. Акрамя таго, што новы для Віцебска арт-аб’ект цікавы пластычным і колеравым рашэннямі, ён важны і як пэўны знак, адпраўная кропка для асэнсавання значэння візуальнай мовы як найважнейшага культурнага складніка ў нацыянальнай самасвядомасці», – падкрэсліў дырэктар Віцебскага цэтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў.

Арт-аб’екты «МОВА» ўжо ўсталяваныя на вуліцы Кірава ў Гомелі, набярэжнай Францыска Скарыны ў Брэсце і Траецкай набярэжнай у Магілёве. На чарзе яшчэ Гродна і Мінск. Ідэя праекта грунтуецца на працах знанага беларускага этнографа і мастацтвазнаўцы Міхася Раманюка, а таксама на канцэпцыі дызайнера, мастака і паэта Міхала Анемпадыстава, апісанай ім у кнізе «Колер Беларусі».