
У апошнюю нядзелю ліпеня ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў гандлю. Але ў сваё прафесійнае свята Ірына Клятчанка і Надзея Семенчукова з вёскі Заронава будуць нязменна прыветліва абслугоўваць аднавяскоўцаў, падбіраючы тавары на кожны густ.
На здымку: Надзея Семенчукова.
Сучасны будынак з вялікай гандлёвай залай самаабслугоўвання размешчаны ў гістарычным цэнтры вёскі. Магазін пабудаваны яшчэ ў пачатку 60-ых, сёння ён адносіцца да Лепельскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства і з’яўляецца адным з галоўных гандлёвых аб’ектаў для заронаўцаў і прыезджых турыстаў. Шмат чаго змянілася больш чым за паўвека існавання, але якасць абслугоўвання застаецца нязменнай. За гэта на працягу 12 год адказвае загадчыца крамы Надзея Семенчукова, менавіта яе шматгадовы вопыт дапамагае ўстанове быць лепшай у Заронаўскім сельсавеце.
— Густы мясцовых жыхароў я вывучыла ўжо даўно, тым больш, што і сама жыву ў Заронаве, маю зносіны з людзьмі па-за працай. Да кожнага пакупніка трэба мець індывідуальны падыход, умець адчуваць яго настрой і мэту, з якой чалавек прыйшоў да нас. Толькі ўважлівае стаўленне да наведвальнікаў і якасны асартымент могуць зрабіць магазін тым месцам, куды захочацца вяртацца.
На вітрынах утульнага магазіна размясціліся кандытарскія і свежыя хлебабулачныя вырабы, мяса-малочная прадукцыя, садавіна і агародніна, напоі. Таксама можна набыць тавары першай неабходнасці, тэкстыльныя вырабы і посуд.
Прыветлівай усмешкай прадавец Ірына Клятчанка на працягу 15 год сустракае аднавяскоўцаў, якія прыходзяць да яе не толькі за карыснымі пакупкамі, але і за добрым настроем. Нягледзячы на тое, што цяпер людзі могуць самі браць з вітрыны неабходныя тавары, у летнюю пару Ірына і Надзея не маюць свабоднай хвілінкі.
— Зараз актыўным попытам карыстаюцца прахаладжальныя напоі і марозіва. Дзеткі часцей выбіраюць лёд з садавіны, а дарослыя — халодны дэсерт з вяршкамі. За летні перыяд магазін зарабляе каля 150 тысяч беларускіх рублёў. Мы імкнемся задавальняць запыты насельніцтва, рэгулярна з’яўляюцца новыя таварныя пазіцыі, — расказвае Ірына Клятчанка.
Галоўным сакрэтам паспяховай працы жанчыны лічаць адданасць і любоў да абранай прафесіі. Калі дадаць да гэтага лыжку аптымізму і некалькі кропель стараннасці, атрымаецца ўнікальны рэцэпт шчаслівага жыцця, які вынайшлі Ірына Клятчанка і Надзея Семенчукова з вёскі Заронава. У сваё прафесійнае свята яны з радасцю будуць прымаць пажаданні росквіту і дабрабыту ад
удзячных пакупнікоў.
А. ГВОЗДЗЕВА.