Толькі праз 75 год пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны знайшліся родныя воіна Ван-Дзян-Чына, які пахаваны на Заронаўскім мемарыяле.
Сярод 10000 байцоў, якія знайшлі тут свой апошні прытулак, выдзялялася імя Ван-Дзян-Чына — адзінага прадстаўніка Кітайскай Народнай Рэспублікі. Захавальнікі музейных каштоўнасцей народнага комплекснага музея «Гісторыя Заронаўскага краю» Людміла і Станіслаў Нікіціны шмат гадоў шукалі родных героя праз знаёмых і сацыяльныя сеткі. У 2019 го-дзе музей наведала дэлегацыя кітайскіх студэнтаў з выкладчыкамі, АНТ быў зняты сюжэт з просьбай распаўсюдзіць інфармацыю, каб знайсці ўнукаў кітайскага воіна. І вось на пачатку жніўня калектыў Заронаўскага музея атрымаў ліст з падзякай. Выпадкова тэлесюжэт убачылі дачка і ўнучка Ван-Дзян-Чына, якія жывуць у Хабараўску, на карце яны адшукалі мемарыял у Заронаве. Дачцэ воіна Марыі Бутаковай сёння 89 гадоў, на працягу ўсяго свайго жыцця яна шукала бацьку, памятала, што ў 1943 годзе ён быў накіраваны пад Віцебск. Праўнучка байца Галіна Лазовік піша ў лісце, што «дзядуля зусім не быў падобны на кітайца і вельмі добра размаўляў па-руску». Да вайны ён працаваў перакладчыкам з кітайскай мовы, быў арыштаваны па падазрэнні ў шпіянажы, але з-за адсутнасці доказаў яго вызвалілі. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ван-Дзян-Чыну далі браню і знялі толькі ў 1943 годзе, калі ён праходзіў падрыхтоўку на фронт каля Хабараўска. Сям’я вельмі рада, што нарэшце знойдзена месца, дзе пахаваны іх герой, яны выказваюць словы бязмернай падзякі ўсім, хто займаецца пошукавай працай і даглядае мемарыял.
Гэта гісторыя — адно з тысяч сведчанняў вяртання прозвішчаў байцоў іх родным. Абавязак жывых — не забываць пра вайну, пра тых, хто выратаваў нашу краіну ад фашысцкага нашэсця.
А. Гвоздзева.