
Ля вёскі Навікі Шапечынскага сельсавета з 12 па 21 жніўня прайшла Міжнародная пошукавая экcпедыцыя.
На здымку: удзельнікі «Вахты памяці-2020» са старшынёй Шапечынскага сельскага Савета дэпутатаў Святаславам Драбцовым.
Навікі — адна са шматлікіх вёсак Беларусі, пры вызваленні якой у гады Вялікай Айчыннай вайны загінулі тысячы байцоў. Тут у ходзе Віцебскай наступальнай аперацыі ў студзені-сакавіку 1944 года штурмавалі нямецкі плацдарм воіны-самаходчыкі 735-га самаходна-артылерыйскага палка, пехацінцы 215-й, 173-й і 371-й стралковых дывізій, танкісты 26-й і 43-й гвардзейскіх танкавых брыгад.
У кровапралітных баях склалі галовы мноства салдат і афіцэраў Чырвонай арміі. Шмат прапалі без вестак, вяртаннем іх імёнаў з небыцця заняліся пошукаўцы Беларусі і Расіі. Арганізатарам экспедыцыі з’яўляецца Падмаскоўнае пошукавае аб’яднанне «Дабрачынны ваенна-гістарычны пошукавы клуб «Памяць і прымірэнне». Беларускі пошукавы атрад «Разведчыкі воінскай славы» разам з ваеннаслужачымі Беларускага 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна і ўдзельнікамі Вахты з Расіі паднялі з зямлі астанкі 42 байцоў Чырвонай арміі. Знойдзены таксама жалезныя сведкі Вялікай Айчыннай — фрагменты вайсковай зброі і медаль «За адвагу». Архіўныя дадзеныя дапамогуць устанавіць прозвішча воіна, якому ён належаў, а сама ўзнагарода будзе перададзена родным героя. Урачыстае перазахаванне астанкаў воінаў адбудзецца на мемарыяле «Плацдарм Навікі».
Трэба адзначыць, што ў Шапечынскім сельскім Савеце дэпутатаў увекавечанню памяці загінулых байцоў Вялікай Айчыннай вайны надаецца пільная ўвага. На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 11 воінскіх пахаванняў і 6 памятных знакаў, звязаных з ваеннымі падзеямі. Старшыня сельскага Савета Святаслаў Драбцоў па закліку сэрца займаецца пошукава-даследчай дзейнасцю. Сваім вопытам работы ён дзяліўся на пашыраным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў.
А. Гвоздзева