Тут кожны жадаючы можа знайсці занятак па душы, падзяліцца вопытам і адпачыць.
Багата Заронаўшчына на таленавітых людзей: спевакоў, майстрыц, музык. Кожны расказвае пра свае творчыя захапленні і абавязкова дзеліцца вопытам з аднавяскоўцамі.
Загадчыца бібліятэкі Вольга Іванова амаль палову свайго жыцця стварае дзівосныя карункавыя сурвэткі: бялюткія, блакітныя і ружовыя – яны дзіўным вобразам у руках майстрыцы прымаюць незвычайныя формы. А свайму новаму рамесніцтву – вырабу кветак з бліскавак – паспела навучыць не толькі сябровак, але і вясковых дзетак. Цяпер з радасцю наведваюць бібліятэку не толькі для чытання, але і для творчага развіцця.
Шыццё –хобі Ксеніі Шніткоўскай на працягу ўсяго жыцця. Вяскоўцы даўно ведаюць, што за ідэальным швом трэба звяртацца менавіта да Ксеніі Іванаўны, кожная работа якой напоўнена любоўю і пяшчотай. Яшчэ жанчына захапляецца чытаннем, таму ў сельскай бібліятэцы яна пастаянны госць. Надзея Іжохіна стварае мягкія сувеніры. Зайчыкі, балерыны, медзведзяня – яны радуюць вока і ўпрыгожваюць інтэр’ер, а цацкі з зярняткамі кавы ўздымаюць настрой.
Работы Любові Цыганковай і Веры Гарлачовай заўсёды прадстаўляюць Заронава на раённых і абласных выставах. Яно і не дзіўна: здаецца, што вось-вось узмахнуць белымі крыламі лебедзі і какетліва падміргне жанчына ў шляпе – так карпатліва вышываюць карціны майстрыцы.
А якое свята без песні? Шмат гадоў звонкім голасам і сардэчнымі куплетамі радуюць жыхароў спявачкі Валянціна Еўдакімава, Раіса Казлова і Ганна Папалава. Жанчыны не толькі спяваюць для душы, але і перадаюць свае вакальныя сакрэты юным артыстам Заронаўскага Дома культуры. Пераймаць музычную спадчыну юнакам не толькі цікава, але і вельмі пачэсна. А ўдасканальваць і адточваць галасы дапамагае мастацкі кіраўнік Людміла Аляксеева, якая не толькі валодае аксаміцістым тэмбрам, але і з радасцю дорыць свае песні слухачам. Наш “геній Пятровіч” – так ласкава ў клубе называюць Яўгена Машэра. Таленавіты і віртуозны – ён прысвяціў шмат гадоў кіраўніцтву Домам культуры – і цяпер не пакідае граць на акардэоне і спяваць. Разам з жонкай Таццянай яны займаюцца не толькі музыкай, але і ствараюць з дрэва малыя архітэктурныя формы.
Валянціна Аўчыннікава, якая ўсё жыццё прысвяціла медыцыне, на заслужаным адпачынку штотыднёва займаецца ў гуртку фізічнай культуры, бо з добрай кампаніяй і бадзёрым настроем адыходзяць усе хваробы. Фатаграфіяй і музыкай захапляецца Ірына Сівенка. Загадчыца аддзялення дзённага знаходжання Святлана Якаўцова стварае ўтульнасць для сваіх наведвальнікаў, падтрымлівае і рэалізуе новыя ідэі.
Сабрацца ўсім разам, пагаманіць і адпачыць душой – гэта лепшы падарунак на заслужаным адпачынку, асабліва, калі побач аднадумцы.
А. ПОБАЧ.