У рэспубліканскім конкурсе “Дарогамі памяці” у намінацыі “Гартаючы сямейны альбом” Мікіта Шыбека распавёў сямейную гісторыю сваіх гераічных продкаў Івановых.
Сям’я Івановых жыла ў в.Іванова Заронаўскага сельсавета Віцебскага раёна. Бацька Сафон Кірылавіч,1897 года нараджэння, маці Васа Аўдзееўна, 1908 года нараджэння. Выхоўвалі трох хлопчыкаў: Леаніда, Рыгора і Сямёна, але вайна змяніла планы гэтай працавітай сям’і. Падчас акупацыі яны былі вывезены ў Германію. Потым з канцлагера трапілі да бауэра Фечэла, дзе 2 гады працавалі. Выжылі. У Васы на руцэ быў выпалены нумар. Ніхто яго не запомніў, бо саромеліся родныя такой нумарацыі. Вярнуўшыся на радзіму, працавалі ў мясцовым калгасе, гадавалі дзяцей, якія вучыліся ў Заронаўскай школе. Па 8 км штодня туды і назад пераадольвалі школьнікі ў паходзе за ведамі.
Сафон памёр у 1965 годзе, Васа загінула ва ўзросце 83 год. Няшчасны выпадак. Згарэла ў хаце свайго сына.
Памяць аб бабулі жыве ў сем’ях унукаў і праўнукаў. Успамінаюць, што была надзвычай добрай гаспадыняй. Частавала ўсіх сваіх смачнай выпечкай, якая была кожны дзень на стале. І калі ў вёсцы было вяселле ці іншыя розныя застоллі, то Васу Аўдзееўну запрашалі “гатовіць стол”.
Сёння расце ўжо пятае пакаленне Васы Аўдзееўны і Сафона Кірылавіча. Трэба, каб яны ведалі, што перажылі іх родныя пад час вайны. Ведалі і помнілі.
З Віцебскай вобласці падчас Вялікай Айчыннай вайны было вывезена больш за 10 тысяч чалавек. Шмат сямей пацярпела ад фашысцкай няволі, пра гэта трэба помніць!
А. Гвоздзева.