10000 сустрэч з вамі, нашы паважаныя чытачы!

Сёння выйшаў 10-тысячны нумар газеты Віцебскага раёна — падзея вельмі значная як для рэдакцыі, так і для ўсіх, хто мае дачыненне да выдання — пазаштатных аўтараў і былых супрацоўнікаў, паліграфістаў, сувязістаў і нашых чытачоў.

  10 тысяч разоў свежы нумар газеты прыходзіў у дамы і кватэры, ва ўстановы і на вытворчыя ўчасткі ў якасці інфарматара, суразмоўцы, добрага дарадчыка. У гэтай лічбе больш за 82 гады напружанай творчай працы не аднаго пакалення журналістаў, друкароў, а таксама сяброўства з адданымі раёнцы чытачамі, а іх агульная колькасць — мільёны.

Як вядома, вялікая дарога пачынаецца з першага кроку. Яго зрабіла «Калгасная трыбуна» 11 ліпеня 1938 года. Не згубілася раёнка і на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі, выйшла некалькі нумароў палымянай змагаркі пад назвай «За Родину». Разам з калгаснікамі іх «трыбуна» ўдзельнічала ў аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі, не сыходзіла са старонак эпапея калектывізацыі, тэмы будаўніцтва, сяўбы і ўборкі ўраджаю, развіцця адукацыі, аховы здароўя і культуры.

З 1962-га па 1994 год газета выходзіла тройчы на тыдзень пад назвай «Ленінская праўда». Тэлебачанне тады толькі пачало прыходзіць у дамы, і раёнка была галоўнай крыніцай інфармацыі для сельскіх жыхароў. Да прыкладу, у 70-80 гады тыраж яе пераўзыходзіў 7500 экземпляраў.

Не прайшлі бясследна гады перабудовы, калі пачалі тыражавацца новыя газеты, часцяком «аднадзёнкі» з ухілам на свецкія навіны. Раёнка змяніла назву на «Жыццё Прыдзвіння». Вядома, час рабіў адбітак на змесце артыкулаў, паліграфічным выкананні газеты, але не змянілася яе галоўнае прызначэнне — ствараць летапіс Прыдзвінскага краю, аб’ектыўна адлюстроўваць рэчаіснасць; словам, газетным радком ушаноўваць людзей, якія вырошчваюць хлеб, узводзяць дамы, вучаць дзяцей, клапоцяцца пра хворых і старых, ахоўваюць парадак у грамадстве. Выданне было і застаецца крыніцай, з якой чытачы не толькі чэрпаюць інфармацыю аб імклівым жыцці, але і атрымліваюць такі неабходны сёння пасыл для стваральнай працы на карысць умацвання роднай Бацькаўшчыны.

Друкаванае слова ствараецца на вякі. Пры выданні 100 нумароў у год наступная тысяча стане газетнай хронікай праз десяцігоддзе. І мы спадзяёмся, што гэты адлік не перапыніцца, бо мае моцныя карані. Пажадаем сабе і ўсім нашым чытачам добрага шляху, цікавых сустрэч, прыемных навін. Будзем разам!

Падпіска на другі квартал працягваецца.