У маі бягучага года ў музей «Гісторыя Заронаўскага краю» прыйшла вестка з 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь аб тым, што ў раёне в. Паграбёнка Багушэўскага сельсавета Сенненскага раёна знойдзены астанкі байца Трафіма Ізотавіча Багданава, ураджэнца Заронаўскага сельсавета.

Нарадзіўся Трафім  у 1919 годзе ў в.Каралі Заронаў­скага сельсавета. У  сям’і Багданавых, акрамя яго, яшчэ былі дзеці:  Ананій і дзве дзяўчынкі, Марыя  і Ліда. Трафіма прызвалі ў Чырвоную армію ў 1939 годзе.  У 1941 годзе ён прапаў без вестак… Сёстры звярталіся да нас у музей з просьбай знайсці братоў, бо і Ананій таксама прапаў на вайне. У сясцёр ніякіх дакументаў не засталося, толькі фатаграфія, на якой  Трафім у ваеннай форме. Гэта фота ўсё жыццё вісела ў сястры Марыі на самым ганаровым месцы ў хаце — каля іконы.

Нашы пошукі вынікаў не прынеслі.  Адзіны  пасляваенны дакумент Віцебскага ваенкамата паведамляў: не было сувязі з чэрвеня 1941 года. І тут такая знаходка! Як стала вядома ад пошукаўцаў,  старшы сяржант Багданаў Т. І. загінуў ад выбуху снарада. Ляжаў на краю варонкі, гранаты былі без запалаў, каска на спіне, галава разбіта. Па медальёну прачыталі прозвішча салдата.

Што адбылося ў тым далёкім 41-м, можам толькі здагадвацца. Адна з версій:  наш баец трапіў у акружэнне, выходзіў з яго і, пэўна, ішоў на сваю малую радзіму. Па дарозе трапіў пад бамбёжку. Як прысыпала зямлёй, так ён там і праляжаў 80 год. Але яго знайшлі і па-чалавечы пахавалі ў брацкай магіле в. Заветнае Багушэўскага сельсавета  3 ліпеня.  На  цырымонію прыехала шматлікая радня Трафіма Ізотавіча: пляменнік Аляксандр Гаўрылаў з Заронава,  унучатыя пляменнікі Кучумавы, Волкавы і Кавалёвы з Шуміліна.

Вось такой доўгай аказалася дарога дадому Трафіма Багданава. Цяпер ведаюць родныя, дзе пахаваны іх салдат, куды можна прыехаць, аддаць даніну павагі яшчэ аднаму воіну, які вернуты  з ліку без вестак прапаўшых.

Л. Нікіціна, краязнаўца