Прадстаўнікі Віцебскага раёна прынялі ўдзел у ХІ Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагіня», які адбыўся ў г.п. Акцябрскі Гомельскай вобласці. Прайшло дадзенае мерапрыемства пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Фестываль «Берагіня» мае багатую гісторыю і свае традыцыі. Праводзіцца ён з 1998 года з мэтай падтрымкі народнай творчасці, выяўлення і далучэння да фестывальнага руху новых фальклорных калектываў, пераемнасці нацыянальных культурных традыцый. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі рознага ўзросту, гэта калектывы мастацкай творчасці, індывідуальныя выканаўцы, майстры народных мастацкіх рамёстваў.
Віцебскі раён на фестывалі годна прадставілі Ксенія Прызба і Яўген Акуліч, якія спаборнічалі ў конкурсе выканаўцаў беларускіх народных парных танцаў. Падчас выступлення прыдзвінскія танцоры выконвалі «Лявоніху», «польку», «барыню» і іншыя беларускія народныя танцы.
Танцавальная пара ў складзе Ксеніі і Яўгена вядома сваім высокім выканальнiцкім майстэрствам не толькі на Прыдзвінні, але і ў вобласці. Неаднаразова яны станавіліся лаўрэатамі адкрытага турніру нацыянальных танцаў у межах Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» (у бягучым годзе адзначаны дыпломам лаўрэата ІІІ ступені).

«На свяце можна было не толькі ўбачыць сувязь пакаленняў, але і знайсці аднадумцаў — прыхільнікаў фальклору, адчуць сапраўдны гонар за багатую гісторыю і культуру нашай роднай Беларусі», — адзначыла Ксенія Прызба падчас размовы.

Усяго ж у склад творчай дэлегацыі ад Віцебскай вобласцi ўвайшлі больш за паўсотню ўдзельнікаў з Віцебскага, Гарадоцкага, Дубровенскага, Лёзненскага, Талачынскага і іншых раёнаў.

Андрэй СТРУНЧАНКА