Работнікі Мазалаўскага і Даўжанскага сельскіх дамоў культуры рэалізуюць арт-праект, прысвечаны Году народнага адзінства.
Асноўныя мерапрыемствы ў межах дадзенага праекта праходзяць у аддаленых населеных пунктах Мазалаўскага сельсавета. Так, сумесна з сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва (аўтаклубам) удзельнікі калектываў мастацкай творчасці падарылі добры настрой жыхарам вёсак Буяны, Саўчонкі і Хайсы.
У Буянах адбылося свята вёскі «Куточак сэрцу дарагі», у Саўчонках (на здымку) і Хайсах — канцэрты «Слаўлю край свой у вершах і песнях». Актыўны ўдзел у мерапрыемствах прынялі народны ансамбль народнай песні і музыкі «Вераснянка», народны жаночы клуб «Залаты ўзрост», тэатральны калектыў «Вобраз» (Мазалаўскі СДК), аматарскае аб’яднанне вакалістаў «Вясёлка» (Даўжанскі СДК). Сапраўдным падарункам для вяскоўцаў сталі выступленні пісьменніка, члена Расійскага саюза пісьменнікаў Уладзіміра Ермаковіча, вядомых на Віцебшчыне спявачак Ніны Смычковай і Соф’і Галінскай. Таксама жыхарам вёсак было прапанавана прыняць удзел у гульнёвай праграме «Цуды з капелюша». У ролі вядучых — Лявоніхі і Сымоніхі добра ўжыліся загадчыкі СДК Вольга Жураўская і Сняжана Чульба.
На гэтым падарожжа самадзейных артыстаў не заканчваецца, а працягваецца. Да канца жніўня адбудзецца шэраг іх выступленняў у вёсках Прыдзвінскага краю, бо не толькі вялікімі гарадамі, але і глыбінкай жыве Беларусь. І галоўнае тое, што такія творчыя сустрэчы артыстаў і вяскоўцаў яднаюць, збліжаюць і робяць роднымі душы і сэрцы людзей.
Андрэй СТРУНЧАНКА