Адбылося яно ў межах арт-праекта «Родны край — крыніца натхнення», прысвечанага Году народнага адзінства.
Арганізатары мерапрыемства нездарма выбралі падворак паважанай сям’і Крыцкіх. Менавіта гэты добраўпарадкаваны двор неаднаразова станавіўся пераможцам у розных намінацыях мясцовага конкурсу «Квітней, як кветка, Мазалава-аграгарадок!». Некалькі год запар тут ладзілася свята калодзежа, бо вада ў ім смачная і празрыстая.
Раскінулася сядзіба па вуліцы Рабочай на беразе рачулкі Лужаснянкі. Пазнаць яе можна адразу: тут паўсюль кветкі, малыя архітэктурныя формы… Гаспадары — Ала і Алег Крыцкія — добрыя і шчырыя людзі, якія шмат гадоў працавалі на мясцовых прадпрыемствах і ва ўстановах, удзельнічалі ў грамадскім жыцці. Зусім нядаўна яны адзначылі сапфіравае вяселле — 45-годдзе свайго сумеснага жыцця.
Мясцовыя артысты — удзельнікі народнага жаночага клуба «Залаты ўзрост» і тэатральнага калектыву «Вобраз» віталі гаспадароў хлебам-соллю і добрымі вясковымі песнямі. Даспадобы прыйшліся і прыпеўкі ў выкананні аўтаркі Святланы Тузікавай.
Арганізатары пажадалі гаспадарам здароўя, даўгалецця і выказалі надзею на хуткую творчую сустрэчу зноў.
Андрэй Струнчанка