Такой вялікай колькасці распаўсюджаных і ўнікальных цацак пазайздросцяць абласныя музеі.
Захавальнік музейных каштоўнасцей Людміла Нікіціна з радасцю дзеліцца экспанатамі для выстаў з бібліятэкамі і ўстановамі дадатковай адукацыі. Адных Дзедаў Марозаў тут больш за 60, але ні адзін з іх непадобны да другога. Зробленыя з ваты, цыраты, гумавыя і нават драўляны — белабародыя чараўнікі захапляюць не толькі дзяцей, але і дарослых. Больш за дзесяць Снягурачак, дарэчы, такая ўнучка-памочніца была толькі ў рускага Дзеда Мароза. Прадстаўлены на паліцах у калекцыйнай зале і замежныя Дзяды — Санта Клаус, Пэр-Наэль, Йоўлупукі.
Калі ў СССР у 1935 годзе дазволілі святкаваць Новы год, першыя елачныя ўпрыгожванні дзеці з бацькамі рабілі самі з ваты і клею, часцей гэта была садавіна і гародніна, пасля — птушкі і жывёлы. Пасля выхаду фільма «Карнавальная ноч» з’явіліся гадзіннікі «без 5 хвілін 12», яны розных колераў і памераў таксама прадстаўлены ў экспазіцыі. Калі ва ўладзе быў Хрушчоў, цацкі ў выглядзе кукурузы і морквы з’явіліся на елках у кожным доме. Дырыжаблі і касмічныя караблі са шклярусу былі абумоўлены палётам у космас Юрыя Гагарына — пра гэтыя цікавыя факты навагодняй гісторыі вядзе аповед Людміла Нікіціна разам з юнымі экскурсаводамі.
Шырока ў калекцыі прадстаўлена інтэрнацыянальная тэматыка, народы свету паказаны ў класічных нацыянальных касцюмах. Захапляюць і ўсім вядомыя казачныя персанажы Пушкіна на прышчэпках, выпушчаныя да 150-годдзя са дня нараджэння паэта ў 1949 годзе. Беражліва захоўвае Нікіціна і самаробныя елачкі — творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сваіх былых вучняў і іх бацькоў. Чаго тут толькі няма: макаронныя лясныя прыгажуні, дрэўцы з ваты, цукерак і каляровых пацерак.
У калекцыі паштовак, якія трапілі на Беларусь напрыканцы XIX стагоддзя, ёсць асобнікі, датаваныя 1912, 1916, 1919 гадамі. Унікальныя экспанаты — паштоўкі перыяду вайны 1942-43 гадоў, шмат навагодніх, прысвечаных дзяржаўным святам, артыстам кіно і эстрады.
У святочныя дні навагодняя калекцыя карыстаецца вялікім попытам у зацікаўленых наведвальнікаў, таму музей няспынна працуе на радасць усім жыхарам раёна.
Аляксандра ПОБАЧ