Таямніца ў джазавым рытме Віктара Шылко. Выстава-прысвячэнне УНАВІСу

«Формам трэба даць жыццё і права на індывідуальнае існаванне» (Kазімір Малевіч)                                                                      

«Прысвячэнне УНАВІСу» Віктара Шылко у Віцебскім арт-цэнтры Марка Шагала – гэта аўтарскія думкі на тэму дзіўнага мастацкага мінулага Віцебска. Ён асабісты і музычна афарбаваны. Тут ёсць рытм, які апаноўвае гледача выставы «Белая птушка памяці Малевіча» і вядзе праз тры залы арт-цэнтру. Спачатку мне падалося, што гэта мая ўласная ілюзія. Але ўсё стала на месца  пасля аповеда мастака пра ідэю і тэхніку стварэння праекту.

Таямніца ў джазавым рытме Віктара Шылко. Выстава-прысвячэнне УНАВІСу

Ірына Воранава, Віктар Шылко і Алена Ге на адкрыцці выставы. Фота Шагалаўскага цэнтра

Мастак даўно захоплены імправізацыяй у тым ліку і музычнай

Таму Джон Колтрэйн, Джымі Макгрыф, Каунт Бэйсі, Луі Армстронг і іншыя, як быццам, пакінулі адбіткі сваіх акордаў на творах Віктара Аляксандравіча. Злучэнне супрэматызму і джаза – аўтарская знаходка.

Таямніца ў джазавым рытме Віктара Шылко. Выстава-прысвячэнне УНАВІСу

Таямніца, 2022 год. Палатно. Акрыл

Віктар Шылко, пэўны час, паспяхова займаўся арганізацыяй мастацкіх выстаў. Па словах Валянціны Кірылавай, менавіта, Шылко стварыў выставачную культуру Віцебска. А ў злучэнні са спецыялістамі арт-цэнтру Шагала атрымалася цікавая гісторыя на задуманую тэму, ці змястоўны экскурс з элементамі мастацкай адукацыі. Праект філігранна выбудаваны і па зместу, і па форме.

Сам Шылко – сціплы чалавек. І на кожнай выставе ён падкрэслівае, што нічога надзвычайнага ў творчасці няма. Трэба прафесійна займацца сваім рамяством, пастаянна расці і ўсё будзе. Не аднойчы ён казаў, што з жывапісца стаў ператварацца ў мастака гадоў з 10 таму, а стане, магчыма, паўнацэнным майстрам к 80-100 гадам.

Нядаўна мастаку здарылася 70. А персанальнай выставы не было. Віктар Аляксандравіч паабяцаў, што хутка яна адбудзецца ў Мастацкім музеі, і там ён будзе зусім іншым.

А яшчэ ён не малюе. Ён кажа: «Ну вось, я тут нафарбаваў тэму».

Таямніца ў джазавым рытме Віктара Шылко. Выстава-прысвячэнне УНАВІСу

Тэма. 2022 год. Палатно. Акрыл

На сустрэчы з мастаком дзяўчына спыталася пра тое, як нараджаецца карціна. Творца сказаў:

«А хто ведае. Бярэш пэндзаль, фарбы і працуеш. Бывае доўга. Бывае нешта зладзілася адразу. А бывае, што зрабіў малюнак, сфатаграфаваў — не тое. Перарабіў, а потым шкода. Таму момант задавальнення ад выніку, эфемерны, але я атрымліваю задавальненне ад працэсу. Мае шчасце, што ўдалося жыць, рабіць тое, што люблю. А зараз і мая дачка пайшла па маёй дарозе».

Таямніца ў джазавым рытме Віктара Шылко. Выстава-прысвячэнне УНАВІСу

Белая птушка. Памяці Казіміра Малевіча,1989 год

Віктар Шылко:

— Праект у гонар кароткай, але чароўнай старонцы мастацкага жыцця Віцебска 20-х гадоў мінулага стагоддзя нафарбаваўся хутка і лёгка.  Тэма — цікавая і не звычайна важная. Калісьці выключныя абставіны і голад ў Піцеры прывялі ў правінцыяльны Віцебск мастацкую зорку — Казіміра Малевіча. Гэта і тады было дзіўна, а зараз і зусім нейкая казка.

Стагоддзе УНОВІСу ў 2020 годзе Віцебск адзначыў урачыста і цікава

Нас наведалі нашчадкі Малевіча, Лісіцкага і іншых вядомых УНАВІСаўцаў. Прайшлі святочныя навуковыя і мастацкія форумы і ўжо другі год прысмак гэтай падзеі не пакідае наша мастацкае паветра.

Таямніца ў джазавым рытме Віктара Шылко. Выстава-прысвячэнне УНАВІСу

Кампазіцыя, 2022. Палатно. крыл

Нічога дзіўнага. Болей за сто гадоў мастакі і мастацтвазнаўцы ўсяго свету чытаюць, намагаюцца зразумець і бяруць прыклад з твораў Малевіча. Яго спадчына, як і ўнёсак УНАВІСаўцаў, спрыяў  развіццю сучаснага мастацтва. Шагал, Лісіцкі і Малевіч прагучалі тады на ўвесь свет. І Віцебск прагучаў, у першыню, пасля раздзелу Рэчы Паспалітай. І нават, калі сацыялістычныя рэалісты забаранілі ўсё незвычайнае, наш горад захаваў мастацкія традыцыі і вольны дух. І як толькі Саюз даў слабіну, парастак вольнага мастацтва ірвануў увышыню.

Віктар Шылко быў у тэме. Ён стаў адным з удзельнікаў нефармальнага аб’яднання «Квадрат», якое дзейнічала 4 гады. А далей Васіль і Галіна Васільевы на падмурку «Квадрата» стварылі «Абстракт», які так-сяк жыве і зараз.

У ліпені 2022 года Аляксандр Малей, адзін з арганізатараў «Квадрата», на асабістым праекце  Галіны Васільевай «Jast now» у тэму «унавісаўцаў» сказаў, што «пара ўжо перагарнуць гэту старонку памяці і пачаць новы сучасны рух. А які ён будзе, хай вырашае моладзь».

Але «Jast now» не стаў хэпі-эндам. А вось «Прысвячэне …» Шылко — якраз цягне на той бравурны акорд якога чакалі «малевічысты» Віцебска. Віктар Шылко стварыў не проста шэраг палотнаў у тэму. Ён стварыў мастацка-джазавую кантату ў гонар вялікага мастацкага мінулага і ўлюбёнага  горада. А пачалося ўсё  проста: з карціны для «Абстракта-2022» і  выставы ЦСМ у зале на Белабародава.

Карціна-прысвячэнне ЎНАВІС прыцягнула ўвагу мастацтвазнаўцы Шагалаўскага Цэнтру Алены Ге. Яна і прапанавала Віктару Шылко зрабіць уласны праект для арт-цэнтра Шагала.

Мо тут ёсць і пэўны сімвалізм: прысвячэнне Малевічу і Лісіцкаму на другім паверсе, а на першым —  «Манументальнае мастацтва і графіка Марка Шагала».

Калісьці яны сталі ворагамі, а Віцебск любіць іх аднолькава.

Таямніца ў джазавым рытме Віктара Шылко. Выстава-прысвячэнне УНАВІСу

Алена Ге і Віктар Шылко на сустрэчы з наведвальнікамі

Алена Ге так ахарактарызавала  выставу Шылко:

«Віктар Шылко працягвае і развівае паняцце канструкцыі дынамічнага прынцыпу. Жывапіс — гэта момант разважання ці, лепш кажучы, момант дыстанцыі. Усё — ёсць дыялог. Усё — не выпадкова. Усё — з’яўляецца рэсурсам. Гэты выставачны праект дае ўяўленне пра логіку колеру і формы ў беспрадметнай практыцы мастака. Любы твор у гэтым выставачным праекце — уяўленне пра гарманічнае злучэнне колеру і формы ў беспрадметнай практыцы мастацтва».

Вядома, што, калі свет адкрыты і ўзаемна залежны, то  цяжка рабіць свае, тым больш у тэму шырока вядомага. А ў Віктара Аляксандравіча атрымалася. Яго трыб’ют-прысвячэнне знакамітым мастакам не мае дакладных «спісаных» цытат. Мастак стварае ўласны аповед на цікавую тэму. Усё па духу  Малевіча: ён першы стварыў уласную логіку мастацкага ўяўлення.

Кожнае палатно на выстве-прысвячэнні, як вучэбны экспанат, дэманструе філігранную мастацкую тэхніку Шылко. Віртуознае спалучэнне колера і фарбы — гэта «Формаўтварэнне II», а  спакойная цеплыня першага «Формаўтварэння» стварае поўную гаму.

Таямніца ў джазавым рытме Віктара Шылко. Выстава-прысвячэнне УНАВІСу

Таямніца ў джазавым рытме Віктара Шылко. Выстава-прысвячэнне УНАВІСу

Загадкавы трыпціх «Таямніца» прыцягвае ўвагу намёкам на партрэтныя вобразы самых вядомых УНАВІСаўцаў. Здаецца тут вобраз Эль Лісіцкага з яго супрэматычным пераходам мастацтва ў архітэктуру. А работа  «Кампазіцыя» — гэта  класічны твор — сонечная гама аптымізму і рэалістычны чалавечы абрыс з традыцыйнай для іканапісу танзурай над галавой.

Усе работы, прадстаўленыя на выставе, створаны ў 2022 годзе. Палатно, акрылавыя фарбы і складаная аўтарская тэхніка. Адно выключэнне — работа, стаўшая рэамбулай праекта — «Белая птушка. Прысвячэнне Казіміру Малевічу».

Выстаўка  Шылко пачынаецца з «Птушкі» . Яна створана ў 1989 годзе. Год зеніту «Квадрата» і год трыумфальнага вяртання супрэматызму ў Беларусь.

Мастацкі факультэт Педагагічнага ўніверсітэту і факультэт дызайну Тэхналагічнага — і сёння знаходзіцца пад уплывам таго часу. І там яшчэ працуюць «квадратаўцы». І, калі існуе нейкая асаблівая Віцебская мастацкая школа,то гэта менавіта яны яе стварылі.

А ўвогуле выстава прысвячэнне не мае ніводнай ноты шкадавання па мінуламу. Яна — лёгкая, паветраная і аптымістычная.

Выстава працуе апошні тыдзень 

Ну дык паспяшайцеся. А разам з прысвячэннем Малевічу тут экспануецца “Манументальнае мастацтва і графіка Марка Шагала”.

Цікава?

Источник

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *