У наступным годзе класіку беларускай прозы споўніцца 100 гадоў. І Музей гісторыі беларускай літаратуры падрыхтаваў шэраг мерапрыемстваў у гонар празаіка: лекцыі, канферэнцыі, чытанні і выставы пройдуць па ўсёй Беларусі.
Самай арыгінальнай падзеяй стала выстава малюнкаў “Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі”
Для большасці аматараў творчасці Народнага пісьменніка яна стала прыемным адкрыццём.
А між тым, шлях майстра ў творчасць пачынаўся зусім не з літаратурнай нівы. Васіль Уладзіміравіч з дзяцінства замалёўваў пачуцці і вобразы. І толькі стаўшы дарослым адлюстраваў візуальныя вобразы ў словы.
Быкаў быццам апісаў з натуры чалавечы абрыс. Надзяліў яго пакутамі выбару і душэўным болем. Як пэндзлем ён вымалёўвае характарнасць і дадае адценні свайму літаратурнаму герою.
Свае мастацкія практыкаванні, Быкаў іранічна называў “мастацкі зуд”. І ўсё жыццё ён шкадаваў, што не атрымаў мастацкую адукацыю.
Васіль Уладзіміравіч нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў сялянскай сям’і з вёскі Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці.
Маляваць пачаў у малодшых класах Бычкоўскай школы. Здольнасці хлопчыка адзначылі настаўнікі. Яны даверылі яму афармленне школьнай газеты і нагляднага матэрыялу. А першым дарадцам па маляванню стаў селянін з суседняй – Бобрык. У яго было некалькі карцін намаляваных алеем, а яшчэ часопісы “Ніва” і “Агеньчык”, дзе друкаваліся рэпрадукцыі сусветнавядомых шэдэўраў. Ужо тады будучы пісьменнік загарэўся жаданнем адлюстраваць прыгажосць роднага краю і людзей, што жывуць на Радзіме.
Пасля сканчэння 9 класаў Бычкоўскай школы Васіль паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Правучыўшыся амаль год, спачатку на мастакоўскім, а пасля скульптурным аддзяленні, ён быў вымушаны пакінуць вучылішча.
У вясковага хлопца не было грошай. А ў 1940 годзе адмянілі стыпендыі для студэнтаў ды ўвялі плату за навучанне. Выкладчыкі вучылішча шкадавалі, што таленавіты хлопец пакідае іх. Але ж бацькі не мелі грошай на вучобу сына, а на працу юнака не бралі бо малы. Кошту прададзенай кашулі хапіла Васілю на салодкую булку і шлях дамоў.
Юнак даў сабе зарок вярнуцца ў Віцебск. Праз год ён паступіў у рамеснае вучылішча, бо там кармілі, апраналі і давалі ложак ў інтэрнаце. Але гэта было не тое месца. дзе хлопец марыў апынуцца.
Вечарамі ён хадзіў пад вокны скульптурнай майстэрні Мастацкага вучылішча на вуліцы Суворава і ледзьве не плакаў, пазіраўшы на свае абгорнутыя дзяружкай скульптуры.
А далей была вайна
Спачатку 17-ці гадавы Васіль служыў у інжынерным батальёне — будаваў ваенныя аб’екты. Потым, па хуткай праграме, скончыў Саратаўскае ваеннае вучылішча і ўжо лейтэнантам дайшоў да Аўстрыі.
Будучы пісьменнік быў двойчы паранены. А ў 1944 годзе да бацькоў у Бычкі прыйшла пахавальная, што іх сын загінуў і пахаваны у агульнай магіле каля Кіраваграду. Гэтыя падзеі сталі вытокам аповесці “Мёртвым не баліць”.
Людзі на вайне
Быкаў – не дакументаліст і вайна для яго не была храналагічнай падзеяй. Яна праходзіла праз сэрца перажываннямі і думкамі людзей, якіх лёс прывёў у месца, дзе не бывае прытворства. Тут кожны сам на сам. І галоўная задача чалавека на вайне –выжыць .
Быкаў замалёўвае вобразы і думкі ваяроў, іх перажыванні, штодзённы выбар паміж дабром і злом. Гэтыя эскізы Быкаў захоўвае для будучыні і для сябе.
Ваеннае ліхалецце працінала сэрца будучага пісьменніка нясцерпным болем, а лекамі сталі папера і аловак.
Менавіта мастацкая тонкая адчувальнасць давала прагу да жыцця будучаму пісьменніку. Пазней гэтыя ўласнаручныя замалёўкі сталі сюжэтамі апавяданняў і ілюстрацыямі выдадзеных кніг.
Мастацкая адукацыя не адбылася
Вярнуўшыся з вайны лейтэнант Быкаў збіраўся працягнуць вучобу ў Мінскім Мастацкім вучылішчы. Іван Ахрэмчык, які ўзначальваў Мінскае мастацкае вучылішча, рэкамендаваў Быкаву трохі папрацаваць у Гарадзенскім мастацкіх майстэрнях. Гэта быў добры шанец палепшыць тэхніку і панабірацца вопыту для паступлення на будучы год.
Адбыцца запланаванаму перашкодзіла войска. У 1949 годзе лейтэнанта запасу ізноў прызвалі. Да 1955 года Быкаў служыў і ў запас выйшаў маёрам.
Першай пробай пяра стала надрукаванае ў 1947 годзе у часопісе “Вожык” апавяданне “Дапякло”, а ў 1949 годзе ў газеце “Гарадзенская праўда” – “У першым баі”.
Сам Быкаў пачаткам літаратурнага шляху лічыў, напісаныя ў 1951 годзе на Курылах, дзе служыў, апавяданні “Смерць чалавека” і “Абознік”. Ён адаслаў іх Міхасю Лынькову на рэцэнзію і атрымаў добры водгук.
Тады Быкаў вырашыў, што пісаць ён будзе на роднай мове.
Падтрымаў аўтара рэдактар “Гарадзенскай праўды” — Георгій Шчарбатаў, адзначыўшы добры склад і арыгінальны стыль аўтара.
Якраз тады, частка тыражу выдання стала выходзіць на беларускай мове.
Шчарбатаў убачыў у Быкава здольнасць сэрцам адчуваць родную мову. Адзначыўшы непаўторны стыль пісьма аўтара спецыяльна для Быкава зрабіў пасаду стыль-карэктара.
Амаль 10 гадоў пісьменніку спатрэбілася для пошуку ўласнага шляху. Завершаннем перыяду стаў зборнік апавяданняў “Ход канём” пра цяжкае пасляваеннае жыццё.
Неўзабаве Быкаў прачнуўся знакамітым
Быкаўскі стыль цалкам склаўся ў 1959 годзе з выхадам яго аповесці “Жураўліны крык”.А вядомасць прыйшла да аўтара ў 1961 годзе з публікацыяй аповесці “Трэцяя ракета”. “
Чалавек на вайне” – не ўра-патрыятыны лубочны герой, а просты чалавек, што робіць выбар — галоўная тэма яго твораў.
У 1963 годзе яго “Альпійская балада” прынесла пісьменніку ўсясветную вядомасць і прызнанне. Яна была перакладзена на мноства замежных моваў.
Па аповесці знялі мастацкі фільм, стварылі балет і оперу.
У далейшым кожны твор Быкава меў вялікі поспех. Сярод беларускіх аўтараў яго творы на першым месцы па колькасці перакладаў на замежныя мовы. А на рускую мову Васіль Уладзіміравіч перакладаў сам.
За жыццё пісьменніка было выдадзена болей за 40 кніг, знята 14 кінафільмаў, пастаўлены балет і опера.
Пайшоўшы літаратурным шляхам, Быкаў не пераставаў маляваць
У вольныя хвіліны ў горадзе, ці на важных пасяджэннях Вярхоўнага савету БССР Быкаў браў ў рукі аловак ці аўтаручку і замалёўваў уражанні.
А на на лецішчы, ці на прыродзе ён меў эцюднік і мастацкія прылады.
Сёння ў Музей Гісторыі літаратуры і доме – музеі ў Ждановічах знаходзіцца вялікая калекцыя малюнкаў Васіля Ўладзіміравіча.
Гэта і графічныя замалёўкі, і жывапісныя пейзажы, і гумарыстычныя шаржы на сябе, і сяброў. Яны адлюстроўваюць характэрныя рысы Васіля Быкава – Чалавека, з вялікай літары.
Яму ўсё жыццё балела за Беларусь
З 1978 па 1989 годы ён выбіраўся ў вярхоўны савет БССР. А ў 1993 годзе ўзначаліў аб’яднанне беларусаў сусвету “Бацькаўшчына”.
Быкаў быў прынцыповы і непахісны ў сваіх перакананнях і ў вызначэнні дабра і зла. Актыўная грамадзянская пазіцыя завяла Быкава і на высокія дзяржаўныя пасады, і ў эміграцыю, дзе ён смяротна захварэў.
Небяспека для яго і сям’і, пасля актыўнага ўдзелу ў выбарах 1994 года, вымусіла яго з’ехаць за мяжу.
А вярнуўся на Радзіму ён толькі ў 2003 годзе, калі меў смяротнае захворванне.
Памёр у Бараўлянах ў шпіталі.
Яго гісторыя жыцця, літаратурная і мастацкая спадчыны – каштоўная частка гонару беларускай нацыі.
А выстава малюнкаў і фотаздымкаў “Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі” працуе да 13 лістападу.
Віцябляне і госці гораду могуць наведаць яе ў музеі Гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, што на вуліцы Шагала 5А.