Заўтра вернікі адзначаць — Грамніцы. Адно са старажытных свят зімовага народнага календара адрадзілі ў Суйкаўскай сярэдняй школе.
Нягледзячы на тое, што за акном яшчэ трашчыць мароз, ледзяшы на сонечным баку ўжо пачынаюць дасылаць звонкі капеж. Менавіта, з гэтага дня снег набывае непаўторны свежы пах расталай вады, якую ва ўсе часы надзялялі цудадзейнай сілай…
Мясцовыя даследчыкі не толькі патлумачылі паходжанне свята, але і прадэманстравалі ў межах раённага конкурсу “Духоўнае адраджэнне культурных традыцый і побыту беларускай даўніны” святочныя традыцыі сустрэчы зімы з вясной.
У народным календары і гаспадарчым жыцці Грамніцы былі для гаспадара важнай мяжой — “залатым сячэннем”, якое сведчыла аб тым, што да гэтага часу скончылася першая, самая марозная, самая лютая частка зімы. Асаблівы сэнс нашыя продкі на Стрэчанне (другая назва свята) надавалі асвячэнню свечак, каб абараніць сябе і ўсіх членаў сям’і ад чарадзейства, сурокаў і хвароб. «Грамнiчная» свечка не пазычалася нікому і ні пры якіх умовах, нават родным і сваякам.
Дарэчы, у гэты дзень варажылі на надвор’е: калi певень вады пад парожкам нап’ецца, то трэба чакаць хуткага абуджэння прыроды. Мароз абяцаў хуткае таянне снегу, сухую вясну, аднак неўрадлівы год. Завіруха — сведчанне позняй вясны. Адліга сведчыць пра тое, што лета зімачку здорава «пiхнула» і вясна будзе ранняй, а вось лецейка ўсё ж не абяцае нічога добрага: «На Грамнiцы адлiга — то ўраджаю будзе хвiга».
Аднак, як бы зіма не адстойвала свае правы, хутка яе час скончыцца: «Прыйшлi Грамнiцы — скiдай рукавiцы».

Т. ЛАРЫНА.