Настаўнік — гэта слова, якое ў краінах Усходу пішуць з вялікай літары, тым самым выказваючы пашану і ўдзячнасць у яго адрас. Калектыву Лужаснянскай базавай школы пашчасціла працаваць з таленавітым педагогам, здольным прыцягнуць іншых да цікавага школьнага жыцця — дырэктарам гэтай установы адукацыі Аляксандрам Табуновым.
Аляксандр Табуноў са сваімі выхаванцамі
14 гадоў назад ён пераступіў парог школы, якую ў свой час закончыў, каб застацца тут назаўсёды. Але перш, чым прыйсці сюды, Аляксандр Віктаравіч працаваў выхавальнікам у мясцовай школе-інтэрнаце для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Педагагічная дзейнасць была пастаўлена на паўзу, бо трэба было выканаць свой воінскі абавязак. Маладога хлопца прызвалі ў навучальнае падраздзяленне ў Ліепая (Латвія), затым размеркавалі ў войскі супрацьпаветранай абароны ў Санкт-Пецярбург. Наступная старонка яго жыцця звязана з вучобай на факультэце беларускай філалогіі, культуры і гісторыі Віцебскага дзяржуніверсітэта, пасля заканчэння якога прыступіў да працы ў школе, якой цяпер кіруе. І сёння ён не ўяўляе сябе без дзіцячых гамонак.
Пасада дырэктара — гэта ў пэўнай ступені служэнне, якое не ведае ні канікул, ні змен. Гэта прызванне, якое патрабуе ад чалавека ўсіх сіл і здольнасцей. Аляксандр Табуноў клапоціцца пра тое, каб установа адукацыі была па-сапраўднаму ўтульнай. Ён стварыў добры мікраклімат ў калектыве і падтрымлівае новыя ідэі сваіх калег.
Аляксандр Віктаравіч стараецца рэалізоўваць прыярытэтныя адукацыйныя праекты і праграмы. Ён не толькі паспяховы дырэктар, але і выдатны педагог, выкладае гісторыю — Беларусі, сусветную і грамадазнаўства. Прынамсі, пра гэта сведчаць шматлікія граматы, дыпломы, перамога ў раённым конкурсе “Настаўнік года-2010”. Аляксандр Табуноў акуратна запаўняе адміністрацыйныя дакументы і распрацоўвае планы ўрокаў, шчодра дзеліцца сваімі набыткамі з калегамі і вучнямі, заўважае і дапамагае праявіць творчую індывідуальнасць кожнаму.
Мудрасць Аляксандра Віктаравіча праяўляецца ва ўменні спалучаць інавацыі з рэаліямі жыцця. Ён улюбёны ў сваю дзейнасць, увесь час знаходзіцца ў пошуку чагосьці цікавага і незвычайнага. Яго ўрокі займальныя і не падобныя адзін на другі, бо з’яўляюцца жывым працэсам пошуку, праяўлення педагагічнай інтуіцыі і наватарства, эфектыўнага выкарыстання разнастайных метадаў і прыёмаў. Пазнаючы ўнутраны свет вучня, настаўнік раскрывае яго здольнасці і таленты, радуецца поспехам.
Зараз ў базавай школе амаль 130 хлопчыкаў і дзяўчынак, і з кожным годам да гэтай лічбы дадаецца яшчэ дзясятак. За мінулы год за пазабюджэтныя сродкі школа папоўнілася дзвюма парамі лыж, музычным цэнтрам, па сучаснаму сталі выглядаць кабінеты гісторыі, беларускай мовы і літарутуры і іншыя. Дапамагае пашырыць фінансавую скарбонку школы конь-уласнік, якога арэндуюць вяскоўцы дзеля апрацоўкі свайго прысядзібнага ўчастка.
Як дэпутат раённага Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання Аляксандр Табуноў вядзе актыўную грамадскую работу. Часта сустракаецца з аднавяскоўцамі, якія звяртаюцца да яго не толькі з пытаннямі, але і проста штосьці абмеркаваць. Вялікага сэрца, дабрыні і шчодрасці гэтага чалавека хапае на ўсіх. Аляксандр Віктаравіч умее выслухаць, пачуць, праз сябе прапускае кожнае слова. Заўсёды ў полі яго зроку знаходзяцца школьнікі, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Ён лічыць, што выратоўваць трэба не толькі непаўналетніх, якія пакутуюць ад гора-бацькоў, але і саміх бацькоў, якія любяць заглянуць у бутэльку і не адказна ставяцца да выканання сваіх абавязкаў. Ніводнае пытанне педагог не пакідае па-за ўвагай, імкнецца ўсімі спосабамі яго “разруліць”. І, як паказвае практыка, гэта заўсёды ўдала атрымоўваецца. Галоўным багаццем у сваім жыцці Аляксандр Табуноў лічыць сям’ю, якую бязмерна любіць і ганарыцца ёю…
Вольга Булаўка.
Фота аўтара.