Юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 90-годдзя Віцебскага раёна працягнуцца два дні.

18 ліпеня асноўныя святочныя мерапрыемствы пройдуць у аграгарадку Ноўка.

З 10.00 можна прайсціся па прыдзвінскіх сцежках, а паказальнікам маршрутаў стане выстава “Прыдзвінскі край. Гісторыя і сучаснасць”, разгорнутая ў фае раённага Дома культуры. Ушанаваць памяць загінуўшых і ўскласці вянкі і кветкі да помніка вызваліцеляў арганізатары мерапрыемства запрашаюць у 13.00. Праз гадзіну пачнецца святочнае тэатралізаванае шэсце “Наш любімы Прыдзвінскі край”.

На адкрытай пляцоўцы раённага Дома культуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё свята, падчас якога будзе адкрыта алея “Знакамітыя людзі —  ўраджэнцы Віцебскага раёна”.

Цырымонію ўзнагароджання тых, хто ўнёс дастойны ўклад у развіццё Прыдзвіння працягне канцэрт з удзелам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай і фіналістаў тэле-праекта “Акадэмія талентаў”.

Гасцей запросяць падвор’і сельскіх Саветаў, будуць працаваць гандлёвыя аб’екты, выставачныя павільёны прадпрыемстваў раёна, горад майстроў “Таленты віцебскай зямлі”.
На стадыёне ФСК “Ураджай” жадаючых чакае вялікая спартыўна-гульнявая праграма, атракцыёны для дзяцей.

19 ліпеня святочнае дзейства перамесціцца ў Доўжу, на пляж возера Сосна. Тут пройдзе спартыўна-забаўляльнае свята, не дадуць гасцям сумаваць Нептун са сваёй світай.

Жыхароў раёна, а таксама ўсіх землякоў, хто душой і сэрцам звязаны з родным краем, арганізатары мерапрыемства запрашаюць на свята, каб далучыцца да багатай гістарычнай і культурнай спадчыны. Абяцаюць прыемныя эмоцыі і незабыўныя ўражанні.