На працягу 25 гадоў загадчыца Ноўкінскай сельскай бібліятэкі Таццяна Канышына дапамагае наведвальнікам арыентавацца ў вялікім інфармацыйным моры і ўмее зацікавіць навінкамі ў кніжнай індустрыі.
Таццяна Канышына
Прафесія Таццяны Сяргееўны заключаецца не толькі ў тым, каб выдаваць літаратуру, але і знаходзіць падыход да кожнага чытача. А гэта, на думку бібліятэкара, патрабуе вялікага майстэрства.
Сваіх наведвальнікаў яна заўсёды сустракае з ветлівай усмешкай. Уважліва выслухоўвае і разумее: кнігі — гэта своеасаблівыя медыкаменты, галоўнае ўмець правільна паставіць “дыягназ” душы і беспамылкова назначыць літаратурны “прэпарат”. А ахвотных атрымаць цудадзейны “рэцэпт” — 960 чалавек.
А яшчэ загадчыцы бібліятэкі даводзіцца выступаць і ў якасці псіхолага, бо часам у храм кнігі прыходзяць не толькі пачытаць, але і пагаварыць пра свае надзённыя праблемы. Такая адказная місія — пачэсная для яе. Калі бачыць, што чалавек пасля гутаркі або знаёмства з рэкамендаванай літаратурай змяняе ноткі свайго часам пісімістычнага настрою на пазітыўныя, у чарговы раз пераконваецца, што ў друкаваным слове сяльчане яшчэ доўга будуць мець патрэбу і наведваць бібліятэку.
Таццяна Канышына лічыць, што любоў да чытання, да кнігі залежыць ад выхавання, тэмпераменту, захапленняў, таму такія адносіны неабходна прывіваць з дзяцінства. Яна сама з ранняга ўзросту душой прыкіпела да кнігі, таму не дзіўна, што вучылася ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, бо выбрала кнігу справай свайго лёсу.
З’яўляючыся інфармацыйным, асветніцкім, культурным цэнтрам, Ноўкінская бібліятэка накіраваная на якаснае абслугоўванне наведвальнікаў, пошук і ўкараненне сучасных форм работы. Гэта не толькі месца, дзе можна пачытаць цікавую літаратуру, але і тэрыторыя разнастайных душэўных сустрэч, якія заўсёды праходзяць цікава. Так, на базе гэтай установы культуры дзейнічае клуб па інтарэсах «ліра», які аб’ядноўвае пісьменнікаў, мастакоў і інш. Таццяна Сяргееўна знаходзіцца ў творчым пошуку, укараняе крэатыўныя ідэі ў разнастайныя праекты.
Штогод бібліятэка папаўняе свой фонд новымі кнігамі і перыядычнымі выданнямі. Сярод мясцовага насельніцтва папулярныя платныя паслугі за карыстанне камерцыйным фондам, а таксама Інтэрнэтам. Развіццё сусветнага павуціння ў апошні час актыўна імкнецца перамясціць кнігу на другі план. Аднак патрымаць у руках друкаваны сродак, пагартаць пажоўклыя ад часу старонкі — гэта рэальнае задавальненне, непараўнальнае з віртуальным светам. Таму і прыходзяць людзі ў кніжны храм, дзе бібліятэкар вучыць шанаваць кнігу, адносіцца да яе як да магутнай крыніцы ведаў і заўсёды радуе чытачоў карысным інфармацыйным “эліксірам”.
Вольга Булаўка.
Фота аўтара.