Конкурс “Квасаўка” на лепшы рэцэпт прыгатавання славянскага квасу стаў неад’емнай часткай свята гульняў і ігрышчаў “Мазалаўскі карагод гульняў”. Сёлета трэці год запар ён сабраў гаспадынь на кулінарнае спаборніцтва.

Таццяна Сінякова і Святлана Ліхавідава

Гасцям і ўдзельнікам свята да смаку прыйшоўся напой удзельніцы вакальна-харавога калектыву “Крыніцы” Таццяны Сіняковай. Жанчына ахвотна дзялілася з прысутнымі рэцэптам квасу. Аднак усіх сакрэтаў не раскрыла. Сярод складальнікаў — мядок ды разынкі, а таксама хлеб, які смажыцца на патэльні. Каб усё гэта стала смачным напоем, трэба даць гэтай сумесі “папрацаваць”.

— Тыдзень, не менш, — заўважае Таццяна Мікалаеўна. Пасля можна і па кубачкам разліваць ды смагу наталяць. На квас Сіняковай спажыўцы ставяць знак якасці. На свяце яны адзін за адным аддавалі свае галасы за напой мясцовай гаспадыні.

У адрозненне  ад артысткі мастацкай самадзейнасці, віцяблянка, настаўнік Мазалаўскай ДзШМ, Святлана Ліхавідава ўпершыню прапанавала прадэгуставаць свой квас. Хлебны. Яго яна настойвала на аўсе. Залатое зерне ўсмактала ў сябе ўсю цеплыню сонейка і аддала яго напою. Квас усю жыццёвую сілу і моц — людзям.

— На здароўе, — суправаджала кожны кубачак Святлана Ліхавідава.

Жанчына адзначыла, што да наступнага кулінарнага спаборніцтва перагартае не адну энцыклапедыю беларускай кухні, каб прывезці на конкурс на наступны год некалькі напояў.  квасок — на любы жываток. У іх яна, абяцала, абавязкова ўкладзе душу і любоў.

Таццяна Дзіканава.
Фота аўтара.