Народны майстар Беларусі Ігар Яўсціхаў вырабляе са скуры не проста стыльныя рэчы. Яны напоўненыя адмысловай, светлай энэргетыкай, і гэта адчуваецца, як толькі бярэш якую-небудзь з іх у рукі. У кожны выраб ён укладвае душу.
Ігар Яўсціхаў
Перш чым стаць майстрам Ігар Віктаравіч прайшоў няпросты шлях. Шукаў сябе доўга. А потым хутчэй за ўсё прачнулася генная памяць. Справа ў тым, што яго прадзед займаўся вырабам са скуры абутку, маці і старэйшы брат мелі ўласны бізнэс, звязаны з гэтай сферай. Тут вырашыў паспрабаваць і Ігар Яўсціхаў. Пачаў з папружак, футляраў, ботаў. Але нават такія рэчы атрымоўваліся ў яго незвычайнымі. А душа патрабавала цуду, яму хацелася зрабіць штосьці “гэтакае”.
У пошуках адмысловай тэхналогіі апрацоўкі скуры ён самастойна стаў вывучаць спецыялізаваную літаратуру. Перапісваў ад рукі ўсё, што знаходзіў у кнігах. Паралельна з гэтым неяк нечакана для сябе зацікавіўся славянскай дахрысціянскай культурай. Дарэчы, умельцаў, якія займаліся такім рамяством, здаўна шанавалі і апявалі ў міфах і легендах.
Майстар перакананы ў тым, што ва ўсіх дзеяннях старажытных славян быў закладзены свой глыбокі сэнс. Таму не дзіўна, што галасы продкаў у выглядзе старадаўніх знакаў, славянскіх рунаў адлюстроўваюцца ва ўзорах яго твораў — на вокладках, медальёнах і інш. Ігар Віктаравіч не імкнецца дакладна паўтараць тое, што было калісьці даўно. У асноўным ён спалучае ў сваіх вырабах элементы мінулага і сучаснасці.
— Апрацоўваць скуру людзі навучыліся здаўна, і вядома, што першае адзенне майстравалі са шкуры жывёлы. Вайсковыя даспехі, калчаны для стрэл, конская збруя, жыллё таксама было зроблена з гэтага матэрыялу, — гаворыць майстар.
Сабраны ўнікальны гістарычны матэрыял і па сённяшні дзень месціцца на паліцах ва ўзорнай студыі мастацкай апрацоўкі скуры “Эксклюзіў”, якой кіруе Ігар Яўсціхаў. Гэтае ж памяшканне з’яўляецца і яго майстэрняй, якая знаходзіцца ў раённым Доме культуры. Тут адчуваецца цеплыня рук, якія здольны рабіць цуды, душэўнасць, якая ахутвае кожнага, хто вучыцца з кавалка скуры рабіць рэчы неверагоднай прыгажосці. І так хочацца дакрануцца да чароўнага свету, пазнаць, як ствараюцца выявы і пра што яны гавораць. Мабыць, гэта і кіруе тымі, хто прыходзіць займацца ў студыю.
Праца са скурай карпатлівая, і далёка не ўсе вытрымліваюць заняткі, якія доўжацца не адну гадзіну. Аднак той, хто з галавой акунаецца ў такую дзейнасць, ужо не пакідае распачатую справу. Некаторыя студыйцы, як і іх настаўнік, сталі членамі Беларускага саюза майстроў.
Зрэшты, Ігар Віктаравіч навучае такому рамяству не толькі віцебскую моладзь. Так, неаднаразова яму даводзілася праводзіць майстар-класы ў Прыбалтыйскіх краінах. Народны майстар часты госць розных мастацкіх форумаў у Польшчы, Расіі. Калі толькі наладжваліся масты сяброўства паміж Беларуссю і Венесуэлай, нашаму земляку давялося прадэманстраваць свае вырабы ў лацінаамерыканскай краіне, куды яго накіравала Міністэрства культуры Беларусі. І гэта ўжо не кажучы пра тое, што ён з’яўляецца пастаянным удзельнікам горада майстроў на “Славянскім базары”. Дзе б ні быў Ігар Яўсціхаў, яго скураныя творы карыстаюцца вялікім попытам, і многія просяць распавесці пра ідэю стварэння,тэхніку і сімвалічнасць адлюстраваных вобразаў на скуры. І кожны раз, выстаўляючы вырабы на продаж, народнаму ўмельцу часам бывае шкада расставацца з тым, што было створана яго рукамі.
Вольга Булаўка.
Фота аўтара.